12 траўня ў Тэль-Авіве адкрыецца «Еўрабачанне»



12 траўня ў Тэль-Авіве пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця 64-га міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне».

А 14 траўня прадстаўніца Беларусі, — самая юная сярод сёлетніх канкурсантаў, 16-гадовая спявачка ЗЕНА, — выступіць у першым паўфінале вялізнага шоу пад нумарам 8. Таксама ў гэты дзень за выхад у фінал будуць спаборнічаць артысты з Кіпра, Чарнагорыі, Фінляндыі, Польшчы, Славеніі, Чэхіі, Венгрыі, Сербіі, Бельгіі, Грузіі, Аўстраліі, Ісландыі, Эстоніі, Партугаліі, Грэцыі і Сан-Марына.

Беларуская ўдзельніца ўжо правяла дзве індывідуальныя рэпетыцыі на вялікай сцэне. І калі падчас першай рабіць фота альбо відэа было строга забаронена, то пасля ўнясення рэжысёрскіх карэктыў конкурсныя пастаноўкі і касцюмы ўдзельнікаў перасталі быць сакрэтам для прыхільнікаў конкурсу. Так, ЗЕНА рэпеціравала ў тынэйджарскім стылі — кароткі топ і легінсы, быццам бы размаляваныя яркімі графіці, а таксама ў высокіх белых батфортах, якія складаюцца з некалькіх частак і ўпрыгожаныя імем артысткі. Нумар Беларусі, які суправаджаецца энергічнымі танцамі, арганізатары ахарактарызавалі як «бадзёры і напружаны». Аднак ці дапаможа гэта энергетыка трапіць у дзясятку і працягнуць барацьбу за галоўны прыз «Еўрабачання-2019», даведаемся толькі ў наступны аўторак.

Прамую трансляцыю абодвух паўфіналаў і фіналу 14, 16 і 18 мая ўжо традыцыйна будуць весці тэлеканал «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы канал «Беларусь 24», а сёлета яшчэ і «РТР-Беларусь». Агляд канцэртаў, каляконкурсных падзей і самых цікавых удзельнікаў сёлетняга шоу шукайце таксама на сайце «Звязды».

zviazda.by