12-я “Сустрэчы” з Алесем Клышкам
Сёння выйшаў з друку дванаццаты па ліку паэтычны зборнік Алеся Клышкі “Сустрэчы”. Ён прэзентуецца як “кніга хрысціянскай паэзіі”. Адметнасць яе ў тым, што большасць твораў напісана чалавекам, які з-за цяжкай хваробы 5 год быў прыкаваны да ложка. Радасная навіна – разам з выхадам зборніка паэт ды навукоўца – ён кандыдат тэхнічных навук – самастойна ўстаў на ногі.
РР: Як нарадзіліся “Сустрэчы” і што нас там чакае?
Алесь: Напачатку была думка назваць кнігу “Стрэчанне”. Але тады б назва скіроўвала пераважна на рэлігійныя матывы. А мне хацелася, каб была для чытання ў сямейным коле. Увогуле, у прадмовах да маіх папярэдніх зборнікаў “Даравальная нядзеля”, “Сямейная чытанка” рэдактар Сяргей Чыгрын пісаў, што яны “для дзетак ды іх бацькоў.” Каб яны спасцігалі Бога ды прызвычайваліся да Роднага Слова – мая звышзадача. Тым больш, усе ведаем, што беларускамоўнай кніжкі бракуе ў крамах. Таму я імі не гандлюю, але распаўсюджваю – праз ТБМ, Таварыства беларускай школы, беларускамоўныя садочкі, школкі. Мяне апеквалі і дапамагалі сябры Брацтва віленскіх пакутнікаў Петрапаўлаўскага храма, Георгій Гаховіч, дырэктар цэнтра “Кінанія”. Перадапошнюю кнігу мяне акурат натхніў унучок – 5-гадовы Ясік, якому ў адказ на дзіцячы запыт напісаў першыя радкі:
На рыбалку крочыць Ясь – у рацэ чакае язь.
Бачыць Ясіка з вудой – затаіўся пад вадой.
Той дастаў чарвей пучок, насадзіў іх на кручок.
І закінуў у самы вір – будзе Ясю смачны пір!
Алесь Клышка мае сына і дачку, трох унукаў. Любоўю і каханнем трымаецца. Але найперш – вернай прыгажуняй-жонкай Святланай, якая разам з ім прайшла ўсе пакуты і выпрабаванні. Несла мужу натхненне.
Святлана: Жыццё змушае чалавека ў экстрэмальныя часы адшукаць выратавальны пас. Я сыходзіла на працу (медык-біёлаг па прафесіі – В.С.), муж заставаўся адзін, сам-насам з невясёлымі думкамі ды лекамі. Больш за 5 год стан здароўя пагаршаўся, бо ўрачы не здолелі выставіць дыягназ. У выніку катастрафічна разбуралася касцявая сістэма арганізма, горшыліся паказчыкі крыві. Я сама медыцынскі дыягностык, таму да лекараў звярталіся, калі даходзіла да крызы. Калі сталі разбурацца мяккія тканіны, вымушаны былі пайсці на першую з чатырох аперацый. Пасля яе – 90 дзён нерухомасці ў ложку. Дайшло да кармлення з лыжкі… Алесь разумеў, што дапамагчы ўжо могуць толькі Гасподзь, блізкі чалавек і тая праца, што вызначае сам, як апошнюю і найважнейшую ў жыцці. Аднойчы прапанавала – пішы мне маленькія прывітанні, запісвай успаміны пра сваё жыццё і блізкіх. Так нарадзілася аповесць ў вершах “Мінская зямля”. І – пайшло, пайшло. Як у Экзюперы – дух, дакрануўшыся да гліны, стварыў Чалавека. Дзякуй богу, Алесь неяк самастойна ўстаў на ногі! Ён зараз інвалід, жывём на пенсіі. Але жыццё цудоўнае – кожная гадзіна, хвіліна, імгненне…
Ізноў слова спадару Клышку.
Алесь: Увогуле, “сустрэчы” – слова сакральнае. Мы сустракаемся са Светам, Госпадам, Верай, роднымі, калі нараджаемся. З духоўнымі настаўнікамі, што перапахваюць самое нутро, змяняюць жыццё. У фінале – Сустрэча з Вышэйшым перад тым, як адысці ў лепшы свет. Адна з найкаштоўнейшых уласцівасцей хрысціяніна – пакорлівасць ды паслухмянасць. І да блізкіх, і да ворагаў. Хоць вельмі цяжка ўсім дараваць, асабліва калі з нечым катэгарычна нязгодны. Таму апошні верш “Сустрэчаў” я так і назваў – “Пакора”.
Так, я гатовы на ўсё пагадзіцца. Усім дараваць, за злачынцаў маліцца.
Уладу любіць, быць гатовым на згоду. Страх ухваліць і прынізіць Свабоду.
Не заўважаць ціхі скон роднай мовы. П’янства, лянота – чыісьці замовы.
Вораг заходні нас усіх данімае – гэтую думку мой розум прымае.
Задавальняе жыццё і зарплата.
Атам, кітаец, расейскі вайсковец, інтэлегент, беларускі вясковец.
Танкаў парад, чысціня на дарозе – толькі душа мая, быццам, у аблозе.
Ды і сумленне не засынае, у грудзях баліць, сэрца моўчкі канае…
За часы, здавалася, невылечнай хваробы Алесем Клышкам, тым не менш, напісана большасць з 12 выдадзеных паэтычных зборнікаў, дзве кнігі ўспамінаў пра часы акупацыі “Мінская зямля. Сямейны архіў”. А таксама шэсць аўдыё-кніжак ды музычных стужак, аднайменнае дакументальнае кіно “Мінская зямля”. Наперадзе – грамаддзё планаў, а значыць – новыя “сустрэчы”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара