125 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч
125 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч, класік беларускай літаратуры, паэт, публіцыст, літаратурны крытык. У 1907 годзе ён дэбютаваў у газеце «Наша Ніва» з апавяданнем «Музыка».
У пачатку 1914 года ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшаў паэтычны прыжыццевы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» (на тытуле кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе яе выдаць не паспелі).
Афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя Максіма Багдановіча пачнуцца ля помніка паэту на плошчы Парыжскай камуны ў 10 гадзін літаратурнай акцыяй „Расцем разам з Максімам”. Тут студэнцкія калектывы і выкладчыкі ВНУ, работнікі музеяў і прадстаўнікі грамадскасці будуць чытаць вершы Багдановіча. Затым у храме-помніку Усіх Святых у 11.30 пачнецца цырымонія асвячэння і закладкі капсулы з зямлёй, прывезенай з магілы Максіма Багдановіча ў Ялце. У мерапрыемстве возьме ўдзел міністр культуры Барыс Святлоў.
Урачыстае тэатралізаванае адкрыццё новай экспазіцыі, прысвечанай дню нараджэння паэта, адбудзецца ў 16 гадзін у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
У 17.30 ля помніка класіку пачнецца літаратурны мітынг з удзелам ганаровых гасцей, членаў урада, Адміністрацыі прэзідэнта, Менгарвыканкама. Пасля яго заканчэння адбудзецца ўскладанне кветак і запальванне памятных свечак і лампад.
***
Напілося сонца са крыніц сцюдзёных
Напілося сонца са крыніц сцюдзёных,
Усцягнула ў вышу з іх ваду, як пар;
І ўзляцеўшы шпарка па праменнях тонкіх
Пар зрабіўся слічнай чарадою хмар.
У даль яны памкнулі і лятуць пад імі
Нівы ды балоты, поле, бор, лука.
Але што там блішча? Ці не ты, сястрыца,
Ці не ты ліешся срэбная рака.
Загрымелі ў хмарах гулка прывітанні
І далёка буйны вецер іх разнёс.
Рынуліся хмары да ракі радзімай
І зліліся з ёю ліўнем кропель-слёз.
Сеў хлопчык з шкляначкай ля вулічнаго ганку
Сеў хлопчык з шкляначкай ля вулічнаго ганку
І выдувае з мыла пузыры.
Вясёлкаю гараць яны ў зіянні ранку,
Узлятаючы ў паветра да гары.
І заварожаны шматфарбнаю красою,
Са спрытнасцю і хцівасцю ката
Хапае хлопчык іх няжорсткаю рукою,
А застаецца у ёй — адна слата.
Пагоня
Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, —
Успомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца конi, —
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi — гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, паняслiся
За тваiмi дзяцьмi уздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Бiйце ў сэрцы iх — бiйце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць…
Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не усьцiшыцца гэтакi боль…
Ты прабач, ты прыймi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!
Усё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць