125 гадоў з дня нараджэння Станіслава Глякоўскага
Беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, каталіцкі духоўнік Станіслаў Глякоўскі нарадзіўся 2 сакавіка 1896 года ў мястэчку Поразава (цяперашні Свіслацкі раён). У 1913 годзе скончыў гарадское вучылішча ў павятовым Ваўкавыску. У 1914 годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1921 годзе. Пасвечаны ў святары 29 траўня 1921 года ў Вільні. У 1923 годзе паступіў у Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме, дзе атрымаў навуковую ступень доктара тэалагічных навук. У 1927 годзе вярнуўся на радзіму, працаваў вікарыем у вёсцы Тшцяннэ Кнышынскага дэканату, потым у Ваўкавыску і пробашчам у вёсцы Трычоўка Беластоцкага дэканату.
З 1929 г. ксёндз Глякоўскі жыў і працаваў у Вільні, быў прыпісаны да парафіяльнага касцёлу Святога Яна. Ён быў прызначаны настаўнікам Закону Божага (прэфектам) у сярэдніх школах горада, у тым ліку ў Віленскай беларускай гімназіі (1933-39 гг.). У віленскім касцёле Святога Мікалая ён часта служыў набажэнствы для беларусаў і вёў велікодныя рэкалекцыі для вучнёўскай моладзі, апекаваўся скаўтынгам у беларускай гімназіі, працаваў у камісіі дапамогі беларускай студэнцкай моладзі, выступаў з дакладамі ў Беларускім студэнцкім саюзе. Стаў старшынём “Лігі маральнага адраджэння”. Быў сябрам Беларускага навуковага таварыства і Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Выхоўваў беларускую нацыянальную свядомасць парафіянаў, заахвочваў да беларускай перыёдыкі, уводзіў у касцёл беларускую мову. Удзельнічаў у стварэнні ўвосень 1936 года беларускай секцыі Каталіцкай Акцыі. Але, нягледзячы на бласлаўленне архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, улады не дазволілі ажыццявіцца гэтай задуме.
Прадстаўнікі БХД: сядзяць Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, стаяць Леваш і Глякоўскі.
Значную ўвагу Глякоўскі надаваў выдавецкай дзейнасці. У снежні 1933 года ўваходзіў у склад кіраўніцтва Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні, дзе стала працаваў да вясны 1939 г., арганізуючы выпуск рэлігійнай літаратуры. Акрамя таго, у 1934-35 гг., супольна з Язэпам Найдзюком, выдаў сваім коштам тры зборнікі беларускага літаратара Міхася Машары (“На сонечны бераг”, “Смерць Кастуся Каліноўскага” і “Напрадвесні”), “Казку аб рыбаку і рыбцы” Вінцука Адважнага (святара Язэпа Германовіча) і іншыя творы. Арганізаваў і фінансаваў выпуск часопіса для дзяцей “Пралескі” (выходзіў у 1934-38 гг.). Публікаваўся ў газеце “Беларуская крыніца”, часопісе “25 сакавіка” і іншых. У Вільні ў 1937 годзе лацінкай надрукаваная яго доктарская навуковая дысертацыя, прысвечаная працы Іаана Кранштадскага “Маё жыццё ў Хрысце”.
Восенню 1938 года святар Глякоўскі быў прызначаны вікарыем парафіі святога Яна ў Вільні, але напярэдадні акупацыі горада Чырвонай Арміяй ён выехаў у Коўна. Пасля далучэння Вільні да Літвы (у канцы кастрычніка 1939 года) вярнуўся ў Вільню і тут працаваў да лета 1941 года. У час нямецкай акупацыі ў Мінску святар у касцёле святых Сымона і Алены. Займаўся рамонтам касцёлаў, арганізаваў беларускае каталіцкае душпастырства. Тады ж Глякоўскі пачаў выдаваць беларускамоўную каталіцкую літаратуру. Арыштаваны паліцыяй 15 снежня 1941 года ў ліку некалькіх іншых ксяндзоў пасля канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Мінску. За тое, што яны не сталі адказваць на ўслаўленне нацыстамі Гітлера. Дакладная дата, месца і акалічнасці смерці Глякоўскага застаюцца невядомымі. Паводле адной з версій загінуў у Бухенвальдзе.
Беларускае Радыё Рацыя