130 гадоў з дня нараджэння Макара Краўцова



Беларускі пісьменнік, паэт, перакладчык, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч Макар Краўцоў нарадзіўся 18 жніўня 1891 года ў вёсцы Баброўня, што непадалёк Скідаля. 

Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Сапраўднае яго поўнае імя – Макар Мацвеевіч Косцевіч. Псеўданім Макара Краўцова стаў данінаю памяці прадзедам, якія жылі з кравецтва, шыючы найлепшыя ў навакольнай акрузе кажухі. Макара з самага дзяцінства вельмі вабілі кніжкі. Самым адметным у царкоўнапрыходскай школцы быў выкладчык спеваў і музыкі, які, караючы вучняў, біў іх па вушах смычком ад скрыпкі. Касьцевіч такую пачостку зарабляў нячаста, бо авалодаў скрыпкаю вельмі добра. А мо і наадвароттаму і авалодаў, што часта атрымліваў па вушах ад педагога. Макар скончыў царкоўна-прыходскую школу ў вёсцы Галавачы  (Гарадзенскі раён, непадалёк Скідаля), потым у 1910 годзе – Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Нейкі час працаваў у школе.

Макар Краўцоў. Партрэт Анатоля Крывенкі

З 1915 года ў час вайны Краўцоў быў у войску, пасля вайсковай вучэльніна Паўночна-Заходнім фронце. У лёсавызначальныя для краю гады ён як салдацкі дэлегат бярэ ўдзел у Першым усебеларускім з’ездзе, робіцца сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у склад Беларускай вайсковай камісіі, што намагаецца стварыць дзеля абароны БНР нацыянальнае войска.

Макар Краўцоў (злева) – вайсковец

Быў дэлегатам Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў снежні 1917 года. Настаўнічаў у Менску ў 1917-18 гадах. Выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Менскай гарадской думе. У 1918 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у працы Рады БНР у Менску і Гародні.

Краўцоў заявіў пра сябе як пра здольнага літаратара, якога заахвоціў цёплым словам у друку малады Максім Гарэцкі. У 1919 годзе менская газэта “Беларусь” пад назовам “Ваяцкі гімн” публікуе Макараў верш “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Кампазітар Уладзімер Тэраўскі піша да яго музыку, і песня неверагодна хутка набывае велізарную папулярнасць, робячыся гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты гімн спявалі, ідучы ў бой на бальшавікоў, слуцкія паўстанцы, у шэрагах якіх ваяваў і сам Краўцоў. У час гэтага вызвольнага паўстання займаўся справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкай друкарні ў Клецку.

Пазней працаваў у Радашкавіцкай беларускай гімназіі (1922-23). Жыў у Вільні. Рэдагаваў часапіс “Саха” (1923). З 1927 года актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства. З 1916 года друкаваўся у перыёдыках „Гоман”, „Звон”, „Беларускае жыццё”, „Беларускія ведамасьці”, „Беларусь”, „Наша думка”, „Маланка”, „Грамадскі Голас”, „Беларускае слова”, „Сялянская ніва”, „Беларуская культура”, „Беларускі дзень”. Карыстаўся таксама псеўданімам Язэп Сьвятазар.

Макар Краўцоў (злева) з групай беларускіх пісьменнікаў

Пераклаў на беларускую мову творы Аляксандра Купрына, Міхаіла Лермантава, Генрыка Сянкевіча, Льва Талстога, Мікалая Гогаля, Марка Твена. Арганізоўваў у родных мясцінах беларускія канцэрты, спектаклі. Арыштоўваўся ўладамі Польшчы за нібыта пракамуністычную агітацыю.

Вокладка перакладу твору Лермантава

У 1930-ых гадах адышоў ад літаратурнай творчасці. Не мог знайсці працы. Быў сябрам Галоўнай управы Таварыства Беларускай Школы ў 1936-37 гадах. У кастрычніку 1939 года працаваў у рэдакцыі газеты „Віленская праўда”. Неўзабаве арыштаваны бальшавікамі, загінуў у зняволенні ў беластоцкай турме. Найверагодней закатаваны на допытах. 

Пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну, але яго галоўным творам назаўсёды застанецца “Ваяцкі гімн”. У сям’і Макара Краўцова гучала толькі беларуская мова. Зоська Верас у лісце да Аляксея Пяткевіча ад 3 красавіка 1972 года адзначала: …ён (…) быў жанаты з варшавянкаю… Жонка навучылася добра гаварыць па-беларуску і гаварыла мовай мужа доўга і пасля, як ён загінуў.

Дзень гібелі ў засценках НКВД невядомы. Магілы беларускага нацыянальнага героя няма. У Баброўні ў яго і ў гонар Міхася Васілька пастаўлены памятны камень.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя