134-ая гадавіна з дня народзінаў Якуба Коласа
3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы на Стаўпцоўшчыне нарадзіўся класік беларускай літаратуры Якуб Колас (сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч). У яго гонар названы вуліцы ды ўзведзены помнікі ў Беларусі і па-за яе межамі. Пра тое, што звязвала Якуба Коласа з Берасцем, узгадвае ягоная ўнучка Марыя Міцкевіч:
– Я памятаю няшмат, і гэтыя ўспаміны адрывістыя. Ён любіў пасядзець з унукамі, заўсёды прыносіў цукеркі ці шакаладку. Якуб Колас перапісваўся з берасцейскім дзіцячым домам. Ёсць яго лісты да дзяцей і лісты выхаванцаў таго дома да яго. Таму тое, што Колас падтрымліваў адносіны з гэтым дзіцячым домам, дакладна.
У Берасці, напрыклад, вуліца імя Якуба Коласа знаходзіцца па-за цэнтрам горада, у мікрараёне з аднапавярховай забудовай і ў занядбаным стане. Помніка класіку ў горадзе ўвогуле няма, аднак мясцовыя недзяржаўныя ўстановы маюць намер ушанаваць яго годным мастацкім аб’ектам ужо ў гэтым годзе. Кажа дызайнерка Ганна Яцкевіч, якая малюе партрэты класікаў на будынках:
– У гэтым праекце ёсць трэцяя частка – гэта Якуб Колас са сваімі радкамі. І, магчыма, у цэнтры мы гэта зробім. Прапановы ёсць. На конт будынкаў яшчэ не ўсё дакладна вядома, бо ўсё трэба ўзгадняць, праходзіць розныя адміністрацыйныя працэдуры.
Выява і цытата Якуба Коласа мелася стаць завяршальным этапам праекта “Вулічныя вершы”. Першымі былі іншыя класікі – Максім Багдановіч і Янка Купала.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце