136-годдзе Марка Шагала: І ўсё-такі 6-га ліпеня!
У многіх крыніцах інфармацыі пазначана, што мастак і паэт Марк Шагал нарадзіўся 7 ліпеня 1887 года ў Віцебску.
Пра тое, чаму менавіта 6-га ліпеня варта ўспамінаць Шагала і пры якой умове лічыць яго беларускім мастаком, кажа экскурсавод, экс-супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея ў Менску Мікіта Моніч:
– У яго была легенда, яму падабалася вельмі лічба 7. Ён сказаў, што яна прыносіць удачу, і ён зрабіў яе сваім днём народзінаў. Але ўсё ж такі даследчыкі сходзяцца на тым, што шостага. Ён сусветная велічыня. Што мы бачым на творах Шагала? Мы бачым Віцебск – той горад, які лічым сваім. І адзінае, што застаецца, каб лічыць Марка Шагала беларускім мастаком, гэта наша ўласнае жаданне і патрэба. Гэта тое, што рабіў Бабарыка, набываючы творы, шукаючы гэта, праводзячы канферэнцыі, як гэта робіцца ў Віцебску – “Шагалаўскія чытанні”, папулярызуючы яго сярод насельніцтва.
У свеце Марк Шагал нярэдка ўспрымаецца як расейскі і французскі мастак ды мастак трох канфесій. За сваё жыццё ён стварыў 1022 палотнаў, на якіх маляваў і родны Віцебск. Акрамя карцін, Марк Шагал пісаў вершы на ідыш. На беларускую мову іх пераклаў Рыгор Барадулін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Мікіты Моніча і з адкрытых крыніц