14-16 верасня ў Лондане – прэм’ера рок-оперы паводле „Дзікага палявання караля Стаха”
14-16 верасня ў лонданскім тэатры Barbican пройдзе сусветная прэм’ера гатычнай рок-оперы Беларускага Свабоднага тэатра паводле „Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча.
Пастаноўка часткова падтрыманая праграмай #ArtPowerBelarus @radakultury і Дацкага інстытута культуры, пры фінансавым спрыянні Еўразвязу.
Опера сабрала зорную каманду: рэжысёры Мікалай Халезін і Наталля Каляда; кампазітарка Вольга Падгайская; дырыжор Віталь Алексяёнак; паэт Андрэй Хадановіч; мастачка Надзя Саяпіна; харэографка Марыя Сазонава; салісты Андрэй Бандарэнка, Тамара Калінкіна, Мікола Губчук і Алена Арбузава. Дыскусію напярэдадні прэм’еры мадэруе акторка Кейт Бланшат. Магчыма, адно з шоу наведае кароль Карл ІІІ.
„Гэтая опера з’яўляецца абсалютна новым для Беларусі музычным творам. Ён пастаўлены беларускімі майстрамі на беларускай мове і прэзентуецца на адной з вядучых сусветных пляцовак. — кажа Мікалай Халезін, — Практычна ўсе білеты на прэм’еру прададзеныя загадзя”.
15 верасня плануецца онлайн-трансляцыя.