15 красавіка – Міжнародны дзень культуры



У Міжнародны дзень культуры, які адзначаецца 15 красавіка, у Пінску ўзгадалі імёны вядомых землякоў, якія аздобілі беларускую культуру. На базе раённай бібліятэкі адбылося чарговае паседжанне клуба пісьменнікаў Піншчыны. Гэтае аб’яднанне паўстала ў сакавіку з мэтай стварэння пляцоўкі для камунікацыі паміж літаратарамі і чытачамі. “Дагэтуль на беларускім паэтычным небасхіле годна ззяе зорка Яўгеніі Янішчыц”, – падкрэсліла ў сваім выступе старшыня клуба Марыя Ляшук:

– Хачу сказаць, што нашае Палессе славіцца таленавітымі людзьмі. І імёных іх вядомы не толькі за межамі горада, але і рэспублікі. Дзякуй богу, што сярод гэтых людзей ёсць і жанчыны. Тут можна назваць нашу зямлячку і вядомую паэтэсу Яўгенію Янішчыц. Яна годна прадстаўляе і Беларусь, і наш палескі край на беларускім паэтычным небасхіле.

Узгадалі таксама і імя даследчыцы, літаратуразнаўцы Любові Тарасюк. На думку ўдзельнікаў мерапрыемства, спадчына Янішчыц і Тарасюк з’яўляецца неацэнным скарбам для беларушчыны.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск