15 ліпеня ў Гайнаўцы пачынаецца міжнародны фестываль Булата Акуджавы



15 ліпеня, ужо ў гэтую пятніцу, конкурснай часткай распачнецца ІІІ міжнародны фестываль паэтычнай песні імя Булата Акуджавы у Гайнаўцы “Вера, Надзея, Каханне”. У суботу запрошаныя артысты з розных краін свету выступяць у амфітэатры Оперы і Філармоніі Падляшскай, а ў нядзелю адбудзецца гала-канцэрт у Гайнаўцы. Фестываль развіваецца і аказаўся запатрабаванным, пра што сведчыць ганаровы патранаж Вольгі Акуджавы, маршалка Падляшскага, галоўнай рады Асацыяцыі польскіх пісьменнікаў і не толькі.

Кажа арганізатар мерапрыемства Анатоль Баравік:

– Можна папулярызваць рэгіён праз гістрыю, можна – праз культуру. Думаю, што прыемней, калі праз культуру. Бо гэта вельмі  добра ўспрымаецца, людзі, у гэтым выпадку, маюць духоўную “ежу”. Таму арганізоўваюцца фестывалі, вялікія канцэрты. Жыхары такога рэгіёна як Гайнаўка не маюць шырокага доступу да высокай культуры. А такі фестываль нясе высокую культуру. Прыязджаюць “зоркі”, якія ведаюць шырока ў свеце, якія даюць людзям культуру і даюць людзям забаву. І праз свой прыезд папулярызуюць рэгіён.

Дакладную інфармацыю, датычную ІІІ міжнароднага фестывалю паэтычнай песні імя Булата Акуджавы ў Гайнаўцы “Вера, Надзея, Каханне” можна знайсці на старонцы Гайнаўскага дому культуры. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 15 ліпеня.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя