15 сакавіка – вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава
Вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава пройдзе ў менскім клубе «Брюгге» 15 сакавіка. Упершыню за доўгі час у арыгінальным гучанні са сцэны будуць зайграныя даўнія хіты гуртоў «Новае Неба», N.R.M., «Бонда» аўтарства Міхала, адносна свежыя песні на ягоныя вершы ў выкананні IQ48 і Змітра Вайцюшкевіча, а таксама зусім новыя творы ад гуртоў MorkvoЦвет і Harotnica.
Да згаданых выканаўцаў далучыцца музычны склад пад кіраўніцтвам Алеся-Францішка Мышкевіча, віяланчэлістка Юлія Глушыцкая, а весці імпрэзу будзе Аляксандр Памідораў. Ладзіць канцэрт партал TuzinFM.by. Афішу мерапрыемства зрабіла жонка паэта Алена Дашкевіч.
«Нягледзячы на такую сумную нагоду, хочацца зрабіць не траўрнае мерапрыемства, а добры рокавы канцэрт. Такі, які б спадабаўся б самому Міхалу», – кажа кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін.
Грошы з квіткоў будуць пералічаныя сям’і Міхала Анемпадыстава на будучы помнік творцы. Канцэрт у «Брюгге» пройдзе напярэдадні ягонага дня народзінаў. Сёлета Міхалу споўнілася б 54 гады. Ён пайшоў у іншы свет 24 студзеня 2018 года.
Паводле TuzinFM