150 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца
Мастак Фердананд Рушчыц нарадзіўся 10 снежня 1870 года ў маёнтку Багданава Ашмянскага павету (Валожынскі раён). Род Рушчыцаў паходзіў з-над Буга і належаў да герба “Ліс”. Бацька Фердынанда быў вайскоўцам, маці паходзіла ажно з Даніі з сям’і марака. У сям’і Рушчыцаў было пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і малодшы сын Фердынанд. У творчасці мастака знайшлі адлюстраванне жыццё і побыт беларускага народа, традыцыі мясцовага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна сцвярджала, што яе бацька заўсёды лічыў сябе “тутэйшым”.
Дзяцінства і юнацтва Рушчыца прайшло ў Менску. У 1883 годзе 13-гадовы Фердынанд паступіў у менскую класічную гімназію, якую скончыў з залатым медалем. Там жа атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў выкладчыка Кузьмы Ермакова Бацька, Эдуард Рушчыц, не ўхваляў захапленне сына, лічачы, што маляваннем не заробіш на жыццё. Увосень 1890 года Фердынанд паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе цягам двух гадоў старанна вучыўся, ў 1891 годзе падаў прашэнне ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў з просьбай залічыць яго вольным слухачом на аддзел жывапісу. У 1892-97 гадах навучаўся спачатку пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а пасля – у Архіпа Куінджы. У час вучобы Рушчыца як каларыста вельмі высока ацаніў Ілля Рэпін. У час вучобы Рушчыц здзейсніў некалькі паездак у Крым і на Балтыку. У лістападзе 1897 года ён скончыў акадэмію і атрымаў званне мастака. Яго працы пачалі набываць вядомыя мецэнаты Павел Трацякоў і Сава Мамантаў. За атрыманыя грошы малады мастак здзейсніў працяглую вандроўку па Еўропе, наведаўшы шмат культурных цэнтраў. Пасля значны час жыў у роднай сядзібе ў Багданаве, зрэдку падарожнічаў па Беларусі і Расеі.
Фердынанд Рушчыц. Ля касцёла
У 1899 годзе прайшла першая выстава Рушчыца ў Вільні. Ён браў удзел у грамадскім і культурным жыцці гораду, супрацаваў з тэатрам. У 1900-ым у Кракаве ўвайшоў у таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі “Sztuka”. Карціны Рушчыца экспанаваліся ў Варшаве і Пецярбургу, крытыкі адразу заўважылі выключны талент каларыста. З 1904 года Рушчыц стаў прафесарам Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1907 годзе пераехаў у Вільню. У 1908 годзе ў мастака з’явілася ідэя стварыць беларускі нацыянальны скансен, але планы перакрэсліла Першая сусветная вайна. У 1910 годзе ў Вільні памёр бацька. Гэта ўсклала на мастака новыя абавязкі, звязаныя з апекай гаспадаркі ў Багданаве. Ён быў змушаны дзяліць час паміж Вільняй і Багданавам. У 1912 годзе Рушчыц пазнаёміўся з Гінай Рэуцкай, якая была маладзейшай за яго на 22 гады і стала яго жонкай. У шлюбе нарадзілася ажно шасцёра дзяцей.
У творчасці ад філасофскіх абагульненняў працаў ранняга перыяду, мастак перайшоў да пошукаў каляровых і кампазіцыйных эфектаў. Ён пісаў інтэр’еры сваёй сядзібы, рабіў замалёўкі і эцюды любімых куткоў прыроды. У 1919-32 гадах быў прафесарам аддзялення прыгожых мастацтваў Універсітэта Баторыя ў Вільні. Быў старшынём камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, збіраў гістарычныя звесткі.
Крыж у Багданаве, фота 2016 года
Памёр Фердынанд Рушчыц 30 кастрычніка 1936 года ў Багданаве, пахаваны на мясцовых могілках. Працы мастака захоўваюцца ў музеях Еўропы і Амерыкі, прыватных зборах. У Беларусі доўгі час была толькі адна карціна – вядомае палатно “Ля касцёла”. У 2019 годзе яшчэ тры карціны былі выкуплены ва ўнука мастака, мастацтвазнаўца, экс-дырэктара Нацыянальнага музея Польшчы Фердынанда Рушчыца пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна.
Імем Рушчыца названа вуліца ў Вялікай Сляпянцы ў межах Менску. У Багданаве каля школы, дзе музей мастака, стаіць помнік, на жаль тэкст на ім на расейскай мове. У яго гонар Белпоштай выпушчана адмысловая марка.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя