150 трыялетаў у адной кнізе
У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшла з друку кніга вершаў паэткі з Баранавіч, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Таццяны Яцук. Кніга мае назву “Споведзь чыстаму лісту”. Зборнік складаецца са 150 трыялетаў – твораў класічнага жанру.
У сваёй новай кнізе Таццяна Яцук піша пра дабро і зло, шчырасць і спагаду, паэтка разважае пра гістарычнае мінулае, прыгажосць і непаўторнасць беларускай прыроды, а самыя ўзнёслыя радкі прысвечаны рамантычнаму і светламу каханню.Вось як гучыць трыялет “Асобы”:
Да вас павага, мудрыя асобы! І Вітаўт, і Міндоўг, і Жыгімонт. Вас вабіў мірны і ваенны фронт. Да вас павага, мудрыя асобы! Лічыўся з вамі герцаг, і віконт, Хаця былі і перашкодзіць спробы. Да вас павага, мудрыя асобы! І Вітаўт, і Міндоўг, і Жыгімонт.
Прадмову да кнігі трыялетаў Таццяны Яцук напісаў доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі. Ён адзначыў, што “трыялеты Таццяны Яцук – лірычныя тэксты, якія вылучаюцца сваёй гарманічнай зладжанасцю, меладыйнасцю і пластычнасцю формы… Мелодыка паэтычнай мовы захапляе пранікнёнай пачуццёвасцю, сваёй эмацыянальнай экспрэсіяй”. Зборнік трыялетаў “Споведзь чыстаму лісту” адрасавана шырокаму колу чытачоў, але найперш тым, хто любіць беларускае паэтычнае слова.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя