155 гадоў з дня нараджэння Яўгена Ляцкага



Беларускі крытык, гісторык літаратуры, даследнік фальклору Яўген Ляцкі нарадзіўся 15 сакавіка 1868 года ў Менску. Паходзіў з сям’і двараніна-землеўласніка, дальні сваяк паэта Льва Мея. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. З 16 гадоў зацікавіўся зборам фальклору, ездзіў у экспедыцыі.

У 1889-93 гг. Ляцкі вучыўся на Славесным аддзяленні гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, у 1890-х гадах выкладаў у ім. Удзельнічаў у фальклорных экспедыцыях на поўнач Расіі, у Паволжа, Літву, Палессе Беларусі і іншых. З канца 1890-х па 1907 г. служыў у Пецярбургу, спачатку ў Інстытуце антрапалогіі і этнаграфіі, пасля – старшым этнографам, загадчыкам аддзела ў этнаграфічным аддзеле Рускага музея. Даслужыўся да чыну стацкага саветніка.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 г. выехаў у Фінляндыю, у 1920 г. у Швецыі, з 1922 г. жыў у Чэхаславакіі. Працаваў прафесарам расейскай мовы і літаратуры ў Карлавым універсітэце Прагі, а таксама выкладаў у Рускім вольным універсітэце. У 1926 г. быў запрошаны на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу ў Мінску, на якую не змог прыехаць, перадаў пісьмовае прывітанне канферэнцыі, напісанае па-беларуску. Вёў перапіску з Вацлавам Ластоўскім. Збіраў і даследаваў беларускі фальклор, народную міфалогію (артыкул «Уяўленні беларусаў пра нячыстую сілу», 1890; «Хвароба і смерць ва ўяўленні беларусаў», 1892, і інш.). Яго фальклорна-этнаграфічныя даследаванні напісаныя на падставе матэрыялаў, сабраных у час экспедыцый па Беларусі і ў іншыя краіны. Асобна выдаў «Матэрыялы для вывучэння творчасці і быту беларусаў. Вып. I. Прыказкі, прымаўкі, загадкі» (Масква, 1890).

З канца 1890-х гадоў Ляцкі як крытык і гісторык літаратуры прымаў удзел у розных расейскіх часопісах, у «Большой энциклопедии», «Энциклопедическом словаре Брокгауза и Ефрона» і іншых. У 1901 г. быў супрацоўнікам «Вестника Европы», дзе надрукаваў шэраг артыкулаў пра расійскіх пісьменнікаў, апісанні этнаграфічнай паездкі на раку Пячору і мноства рэцэнзій.

Ажаніўшыся з дачкой літаратуразнаўца Аляксандра Пыпіна, займеў магчымасць карыстацца яго архівам, праз гэта выпусціў 3-томную перапіску Мікалая Чарнышэўскага з роднымі і зборы лістоў Вісарыёна Бялінскага, перавыдаў некаторыя працы Пыпіна. У 1909 г. заклаў у Пецярбургу акцыянернае таварыства «Огни», якое публікавала розныя кнігі. У Фінляндыі рэдагаваў газету «Северная жизнь», у Стакгольме заклаў і ўзначаліў выдавецтва «Северные огни», у Празе – выдавецтва «Пламя» (1923-26).

Яўген Ляцкі шмат зрабіў для прапаганды за мяжой беларускай літаратуры і фальклору. Напісаў станоўчую рэцэнзію на трэці том «Беларусаў» Яўхіма Карскага, рукапіс захоўваецца ў Літаратурным архіве Прагі. У 1927-28 гг. у чэшскім часопісе «Slavia» апублікаваў цыкл артыкулаў «Нататкі па беларусазнаўстве», у італьянскім часопісе «Rivista di letterature slave» («Часопіс славянскай літаратуры») – артыкул пра творчасць Якуба Коласа. У манаграфіі, прысвечанай «Слову пра паход Ігараў», значнае месца адвёў беларускаму элементу гэтага помніка. У 1927-29 гг. апублікаваў цыкл артыкулаў „Нататкі па беларусазнаўстве”. У канцы 1880-х апублікаваў шэраг вершаў. У далейшым былі выданыя некаторыя яго іншыя творы, у тым ліку раман „Тундра” (Прага, 1925) пра норавы расейскай эміграцыі.

Памёр Яўген Ляцкі 7 ліпеня 1942 года. Пахаваны на пражскіх Альшанскіх могілках.

Беларускае Радыё Рацыя