155-ыя ўгодкі народзінаў Рамана Скірмунта



Сёння 155-цігоддзе знакавай постаці нашай гісторыі – Рамана Скірмунта. Ён адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, увесну 1917 ачоліў палітычны прадстаўнічы орган беларусаў – Нацыянальны Камітэт, а ўлетку 1918 года ўзначальваў урад БНР. Таксама ў свой час прадстаўляў беларускае Палессе ў сенаце Польшчы.

Краязнаўца, экскурсавод Таццяна Хвагіна, якая распрацавала некалькі турыстычных маршрутаў звязаных з Раманам Скірмунтам, распавяла, што значыць для яе гэтае імя:

– Гэта быў чалавек з чыстым сэрцам, светлым розумам, высокімі поглядамі. Гэта быў перадавы чалавек свайго часу, на якога трэба раўняцца. Пра яго забойства можна казаць толькі з сумам, з такой агідай, за тое, што быў час, калі жыццё чалавека нічога не каштавала, а заслугі перад гэтым краем таксама не былі вартыя.

На ўскрайку ўнікальнага парку ў Парэччы знаходзіцца магіла забітага ў кастрычніку 1939 года Рамана Скірмунта, кажа краязнавец Эдвард Злобін:

– Асоба Рамана Скірмунта, прадстаўніка роду, які можна сказаць Піншчыну ўзняў на нейкія новыя этапы развіцця. Пачынаючы ад прашчура Шымана Скірмунта, яго дзяцей, усе гэтыя вядомыя вытворчасці, на якіх зараз нават не буду спыняцца. Вядома, што прамысловае Парэчча на той момант было самым прамыслова развітым цэнтрам усё Менскай губерні.

Рамана Скірмунта забілі ў кастрычніку 1939 года. Прыхільнікі Саветаў расстралялі 71-гадовага дзеяча па дарозе з роднага маёнтка Парэчча ў Пінск. Вядома, што Скірмунта папярэджвалі пра магчымае забойства, але ён адмовіўся пакідаць Піншчыну.  

Беларускае Радыё Рацыя