158 гадоў таму з’явілася “Мужыцкая праўда”
Першая беларускамоўная газета лацінкаю “Мужыцкая праўда” з’явілася ў 1862 годзе напярэдадні паўстання, вядомага ў Беларусі як Паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Каліноўскі разам з паплечнікамі рыхтавалі ягоную сацыяльную глебу, у тым ліку і праз улёткі на беларускай мове, якія распаўсюджвалі сярод сялян. Кажа гісторык і былы выкладчык Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта Леанід Ермаковіч:
– Вельмі важнай з’яўляецца ідэя Каліноўскага, яго змаганне за так званую “мужыцкую праўду”. Што сяляне разумелі пад сваёй “мужыцкай праўдай”? Яны разумелі працу вольнымі людзьмі, вольнымі хлебаробамі на ўласнай зямлі. Вось у чым яе сутнасць з пункту гледжання беларускіх сялян і з пункту гледжання Кастуся Каліноўскага. Ён вельмі добра ўлавіў гэтую сітуацыю, гэтую народную псіхалогію, гэтае незадавальненне.
Усяго было выдадзена 7 нумароў “Мужыцкай праўды”. З тэкстам першага і іншых нумароў газеты можна азнаёміцца на вэб-старонцы пад назвай “Свіслацкія аркушы”, прысвечанай асобе Кастуся Каліноўскага і паўстанню пад яго кіраўніцтвам. Паводле ўласнай інфармацыі “Беларускай службы “Радыё Свабода”, выхад першай нелегальнай газеты прыпадае на 11 студзеня 1862 года. Газета вобразнай і даступнай мовай тлумачыла пра мэты барацьбы.
Беларускае Радыё Рацыя