160 гадоў з дня нараджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы



Юбілей аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэнскага руху. 16 верасня спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы — мовазнаўцы, фалькларыста, заснавальніка выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», першага выдаўца і рэдактара Янкі Купалы.

Жыццёвы і творчы шлях асветніка вывучае кіраўніца полацкага літаратурнага аб’яднання „Наддзвінне” Валянціна Сопікава.

– Я вельмі ганаруся тым, што Эпімах-Шыпіла нарадзіўся ў фальварку Судзіловічы каля Будзькаўшчыны. А гэта таксама мая малая радзіма. У Бабыніцкай школе (Полацкі раён) яму ўсталяваны памятны знак. І таксама краязнаўца Віктар Раманавіч Карасёў усталяваў знак на вялікім валуне ў вёсцы Залессе, куды пасля бацькі Эпімах-Шыпілы пераехалі з Судзіловічаў на сталае месца жыхарства.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла нарадзіўся 16 верасня 1859 году ў фальварку Судзіловічы Лепельскага павету. Але неўзабаве пасля яго нараджэння сям’я пераехала ў фальварак Залессе побач з Полацкам.

6 верасня ў школе мястэчка Ветрына, што месціцца побач з вёскай Залессе, адбылася вечарына з нагоды 160-годдзя Браніслава Эпімах-Шыпілы. Яе арганізаваў мясцовы краязнаўца Віктар Карасёў. У вечарыне бралі ўдзел сябры полацкага літаратурнага аб’яднання „Наддзвінне”.

А з 18 траўня па 11 жніўня ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання адбывалася выстава «Апякун беларускага адраджэння: Браніслаў Эпімах-Шыпіла».

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя