17 лістапада пачнецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі



З 17 па 22 лістапада 2017 года ў Бабруйску на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча адбудзецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя У.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Першымі на сцэну выйдуць артысты Рэспубліканскага тэатра Беларускай драматургіі. 17 кастрычніка яны пакажуць спектакль “Кар’ера доктара Рауса”, прысвечаны Францыску Скарыну. А 18 лістапада гэты тэатр вынесе на суд гледачоў яшчэ адну пастаноўку “Сіндром Медэі”.

18 лістапада артысты Слонімскага драматычнага тэатра пакажуць спектакль “Тарас на Парнасе” па п’есе Сяргея Кавалёва.

19 лістапада Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча пазнаёміць гледачоў са спектаклем “Кропкі на часовай асі”. П’еса напісана на аснове дакументальных фотаздымкаў, якія ўвайшлі ў падборку “40 лепшых фатаграфій за 100 гадоў”. У гэты самы дзень Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага пазнаёміць гледачоў са спектаклем “Песняр”, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. А Беларускі дзяржаўны тэатр лялек пакажа “Ладдзю Роспачы” Уладзіміра Караткевіча.

20 лістапада Менскі абласны драматычны тэатр з Маладзечна пакажа “Карону з кахання” – спектакль пра каханне Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлка. А Гарадзенскі абласны тэатр лялек у гэты дзень вынесе на суд журы і гледачоў пастаноўку “Камедыя Юдзіфі”.

Славацкі камерны тэатр (г. Марцін) пакажа пастаноўку паводле Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”. Спектакль адбудзецца 21 лістапада.

22 лістапада Магілёўскі абласны тэатр лялек пазнаёміць журы і бабруйчан са спектаклем “Сіняя-сіняя”. А Магілёўскі абласны тэатр у гэты дзень пакажа пастаноўку “Скарына”.

На фестывалі ажыццявяць і некалькі праектаў для дзяцей.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск