«17 верасня 1939 года. Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі»



80-годдзе ўз’яднання БССР адзначылі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. «17 верасня 1939 года. Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі» – гэта назва выставы, якая адкрылася ў менскай бібліятэцы. Менавіта 17 верасня загадам савецкага ўрада былі аб’яднаны Заходняя і Усходняя часткі Беларусі.

„Гэтую падзею зараз абмяркоўваюць у розных кантэкстах,” – адзначыў намеснік дырэктара НББ Алесь Суша.

– Гісторыкі таксама дэбатавалі пра будучыню, пра магчымасці. Наагул вывучэнне гэтай даты, ці агулам магчымы нейкі канструктыўны падыход да разумення гэтай сітуацыі з боку нашых суседзяў, найперш Польшчы, тут, відаць, ніколі не будзе адзінства. І гэта трэба прызнаць. Ніколі не будзе спакою датычна памежных тэрыторый. Як для нас, для бібліятэкі, я ўяўляю, што самае важнае – захаваць дакуметальную спадчыну, захаваць першакрыніцы, захаваць – і даць іх у доступ.

У час адкрыцця выставы прайшла прэзентацыя электроннага рэсурса „Беларуская літаратурная спадчына”. Можна было таксама паглядзець кніжна-фота-дакументальную экспазіцыю, а таксама работы айчыных мастакоў-графікаў. Выстава будзе працаваць да 7 лістапада 2019 г.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя