Лідскія чытанні да 175-ых угодкаў з дня нараджэння Багушэвіча (абноўлена)
У Цэнтральнай лідскай бібліятэцы адбыліся трэція Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-ым угодкам з дня нараджэння Францішка Багушэвіча. Даследчыкі і аматары творчасці творцы сабраліся, каб зачытаць свае даследчыя працы па яго біяграфіі і творчасці.
Паводле дацэнта філалагічнага факультэта БДУ Ірыны Багдановіч, Францішак Багушэвіч напрыканцы 19-га стагоддзя быў кансалідатарам беларускага народа і нацыі, і вельмі дарэчы было адзначыць яго юбілей такімі чытаннямі ў Лідзе:
– Вельмі важна, каб гэтая постаць не была забытая, дата прагучала і ўзбагаціла такім чынам нас усіх духоўна, культурна, паказала, што мы годныя нашчадкі нашых паэтаў-прарокаў.
Падчас Лідскіх чытанняў прадставілі дзевяць навуковых працаў ад удзельнікаў з Ліды, Воранава і Менску.
Мясцовы майстар музычных інструментаў Аляксандр Блахін выканаў мелодыі на трох відах беларускіх дудак, пра якія пісаў Францішак Багушэвіч.
А напрыканцы імпрэзы бард Сяржук Чарняк выканаў некалькі песень на вершы слыннага паэта.
* * *
21-га сакавіка споўнілася 175 гадоў з дня народзінаў Францішка Багушэвіча. Слынны беларускі паэт і дзяяч нарадзіўся ў 1840 годзе ў вёсцы Свіраны Віленскага павету. Актыўна ўдзельнічаў ў паўстанні 1863- 64 гадоў. Быў паранены ў адным з баёў на тэрыторыі Лідскага павету.
„Пасля паўстання жыў і працаваў адвакатам ў Вільні. Яго літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць абуджалі нацыянальную самасвядомасць беларусаў”, – зазначае лідскі краязнавец і рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік:
– Менавіта ён канчаткова адыйшоў ад ліцьвіншчыны і стаў на пазіцыі Беларушчыны. Ён абвясціў на ўвесь свет: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”
У гонар Францішка Багушэвіча названыя: адна з плошчаў у Менску, вуліцы ў Гародні, ва ўкраінскім Канатопе і літоўскіх Савічунах. Сёння Белпошта ўводзіць у абарот спецыяльную марку, прысвечаную юбілею паэта, з дня народзінаў якога спаўняецца 175 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя