18 чэрвеня – 212 год з дня нараджэння Міхала Валовіча
18 чэрвеня спаўняецца 212 гадоў са дня нараджэння беларускага нацыянальнага героя – Міхала Валовіча, які быў адным з кіраўнікоў Лістападаўскага паўстання 1830 года.
Ён нарадзіўся ў маёнтку Парэчча, што на Слонімшчыне. Прымаў актыўны ўдзел у паўстанні, а пасля яго паразы быў вымушаны эміграваць у Францыю. Але неўзабаве вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб узняць новае – сялянскае паўстанне. Пад час аднаго з баёў быў схоплены ў палон расейскімі войскамі і разам са сваімі паплечнікамі пакараны смерцю.
Кажа каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі са Слоніма Іван Бедка:
– Валовіч – гэта заможны чалавек, які мог бы спакойна жыць без услякіх турбот. Яму, гэтага ўсяго, што яны мелі, хапіла б надоўга. Але ён у 27 гадоў аддаў жыццё за волю Беларусі, таму мы ўшаноўваем памяць тых людзей, якія ахвяравалі сваё жыццё за вольную Бацькаўшчыну.
Штогод актывісты з Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны збіраюцца ў Парэччы, што каля Слоніма, дзе ў прыкладным месцы пахавання Міхала Валовіча ўсталяваны памятны знак. Такім чынам на Слонімшчыне ўшаноўваецца памяць палеглых за Радзіму.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя