185 гадоў таму ў Гародні быў павешаны Міхал Валовіч



Філарэт, філамат, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў, ваеннай экспедыцыі Юзафа Заліўскага і кіраўнік сялянскага паўстання на Слонімшчыне ў 1833 годзе Міхал Валовіч быў павешаны 185 гадоў таму ў Гародні.

Ён нарадзіўся ў маётку Парэчча на Слонімшчыне. У 1822—1825 гадах навучаўся ў Віленскім унівэрсітэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябраваў з І. Дамейкам, М. Ходзькам і іншымі студэнтамі. Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні ў складзе атраду генерала А. Гелгуда. У сувязі з паражэннем паўстанцаў Міхал Валовіч мусіў эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадства. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечання сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладанне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаванне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасць. Выказваўся за абвяшчэнне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, звязанай фэдэратыўнымі адносінамі з Польшчай.

Пад уплывам Ю. Заліўскага Міхал Валовіч вырашыў прыняць удзел у ягонай ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэння Ю. Заліўскага ўзначаліў слонімска-навагрудскую акругу. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імперыі і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне. У атрад Міхала Валовіча прыйшлі сяляне Парэчча, Вострава, Бардашоў і іншых вёсак. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гарадзенскі губернатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Архіўныя дакументы сведчаць, што пры затрыманні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце Міхал Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засведчыў, што “хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян”.

11 чэрвеня 1833 года ў Гародні распачаўся судовы працэс. Побач з Міхалам Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян, кіраўніка атрада прысудзілі да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд. 2 жніўня 1833 года Міхала Валовіча павесілі ў Гародні. Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і не сталася б месцам таемных набажэнстваў. Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сібір — на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім. Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла труп сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны. Сёння на могілках вёскі Парэчча Слонімскага раёна ёсць мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго 12 паплечнікам, які ўстанавілі слонімскія грамадскія актывісты. Там штогод летам ушаноўваецца памяць пра нашых герояў.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя