19 верасня Гародня адзначыць Дзень горада
У межах святкавання запланавана правядзенне шэрагу канцэртаў, спартовых мерапрыемстваў і выставаў, як у цэнтры горада, так і ў мікрараёнах. Адбудзецца некалькі вялікіх фестываляў, такіх як «Футбол нон-стоп», сырны фестываль і этна-фэст з удзелам праектаў «Вочы» і «Shuma».
У гэты дзень гарадзенскія ўлады ладзяць больш пяцідзесяці культурна – асветніцкіх мерапрыемстваў, сярод якіх і кірмашы рамеснікаў. Менавіта яны, на думку народнага майстра Вольгі Сідлярэвіч, спрыяюць адраджэнню неабходных грамадству традыцый і захаванню спадчыны продкаў:
— Каля дзесяці гадоў я вельмі глыбока так бы мовіць «капаюся» у нашых славянскіх традыцыях. Сувязь паміж пакаленнямі не знікла, і ў з народзе ўсё гэта жыве і сувязь гэтая вельмі моцная.
Ад гэтага года дата правядзення дня горада змянілася: калі раней Гародня адзначала свята ў ліпені, дык цяпер, паводле рашэння мясцовых уладаў, святочным днём прызначана трэцяя субота верасня. Сёлета Гародня адзначае 887 гадоў свайго існавання.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня