190 гадоў таму быў пакараны смерцю Міхал Валовіч
190 гадоў таму ў Гародні быў пакараны смерцю беларускі нацыянальны герой, рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст, філарэт, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў Міхал Валовіч (1806-1833).
Міхал Валовіч паходзіў са шляхецкага роду Валовічаў сын Казімера, слонімскага падкаморыя. У 1822—1825 гадах навучаўся ў Віленскім універсітэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябраваў з Ігнатам Дамейкам, Міхалам Ходзькам і іншымі студэнтамі. Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні ў складзе атраду генерала Гелгуда. У сувязі з паражэннем паўстанцаў мусіў эмігрыраваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадства. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечання сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладанне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаванне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасць. Выказваўся за абвяшчэнне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, звязанай фэдэратыўнымі адносінамі з Польшчай.
Пад уплывам Юзафа Заліўскага Міхал Валовіч вырашыў прыняць удзел у ягонай ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэння Заліўскага ўзначаліў Слонімска-Наваградскую акругу. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імперыі і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне.
Гарадзенскі губернатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Архіўныя дакументы сведчаць, што пры затрыманні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце Міхал Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засведчыў, што “хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян”.
11 чэрвеня 1833 года ў Гародні распачаўся судовы працэс. Побач з Міхалам Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян, кіраўніка атрада прысудзілі да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд. 2 жніўня 1833 года Міхала Валовіча павесілі ў Гародні. Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і не сталася б месцам таемных набажэнстваў. Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сібір — на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленне.
Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла труп сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны.
На могілках вёскі Парэчча Слонімскага раёна мясцовыя грамадскія актывісты ўстанавілі мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго 12 паплечнікам.
Беларускае Радыё Рацыя