190 гадоў таму расейцамі была канфіскавана маёмасць Сапегаў
190 гадоў таму, пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гадоў і пазней, усю маёмасць Сапегаў на тэрыторыі Беларусі расейскія ўлады канфіскавалі. У першую чаргу ў 1832 годзе пацярпелі ружанска-дзярэчынскія зборы. Мастацкія зборы з Дзярэчынскага палаца перавезлі ў Беласток, у палац Браніцкіх, прызначаныя пад царскую рэзідэнцыю. Праз чатыры гады адсюль каштоўнасці вывезлі ў Пецярбург і царскае Сяло, прыхапіўшы і скарбы Браніцкіх, а паркавую скульптуру – у пецярбургскі Летні сад.
Маёмасць Сапегаў рабавалася нахабна і бязлітасна. Сёння проста немагчыма пералічыць усяго, што было, напрыклад, украдзена з Дзярэчына і вывезена ў Пецярбург, Царскае Сяло, Маскву і іншыя гарады Расеі. Пра ўкрадзеныя беларускія, у тым ліку і дзярэчынскія скарбы, не раз згадвалі даследчыкі Кастусь Тарасаў, Адам Мальдзіс, Міхась Скобла, Мая Яніцкая, Сяргей Чыгрын і іншыя. Ёсць нават спісы гэтых скарбаў, пачынаючы ад карцін вялікіх мастакоў да кніг, якія знаходзіліся ў бібліятэцы Сапегаў у Дзярэчыне. Былі там творы XVIII стагоддзя Кальмэ, Році, Тамбэ, Русо, Вальтэра, Вергілія, Сервантэса, Марсэ і сотні іншых сусветных аўтараў. Усё вывезлі ў Расію.
З Дзярэчына зніклі 287 карцін вядомых заходнееўрапейскіх мастакоў (Рэйсдаля, Веранезе, Кало, Вярнье і многіх іншых). З іх 185 карцін і 48 мазаічных кампазіцый перадалі ў Эрмітаж, 55 – імператарскай акадэміі мастацтваў, 72 карціны ў 1917 годзе трапілі ў Гатчынскі палац. У Эрмітажы апынуліся і 22 мармуровыя скульптуры, у тым ліку 10 міфалагічных постацяў вялікіх памераў, некалькі бюстаў асобаў старажытнасці. Зніклі з Дзярэчына і апынуліся ў Расеі каштоўныя калекцыі каляровага мастацкага шкла, мэблі і калекцыя графічных твораў у выглядзе эстампаў з карцін заходнееўрапейскіх мастакоў, альбомы па мастацтву і архітэктуры, планы гарадоў, чарцяжы, 287 кодэксаў, якія ўтрымлівалі старажытныя дакументы роду Сапегаў, пераплеценыя як кнігі. Кодэксы трапілі ў Расейскае міністэрства замежных спраў і ў публічную бібліятэку ў Пецярбургу.
З Дзярэчынскага палаца былі нахабна ўкрадзены і вывезены старажытная зброя, посуд, адзенне, старадаўнія гадзіннікі з боем, манеты, медалі, падсвечнікі, пазалочаныя рамы, вазоны, статуі, сметніцы, іконы, жырандолі, самавары і г.д.і г.д.
Беларускае Радыё Рацыя