190 гадоў з дня нараджэння Зыгмунта Чаховіча



Адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў, бібліяфіл Зыгмунт Чаховіч нарадзіўся 19 жніўня 1831 года ў маёнтку Сурвілішкі Дзісненскага павету Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці). Паводле іншых звестак, Чаховіч-Ляхавіцкі паходзіў са Свянцянскага павету, з маёнтка Краснова. Быў сынам Бярнарда Чаховіча, завялейскага падкаморага, удзельніка збройнага вызвольнага чыну 1830-31 гадоў. Маці была Юзэфа з роду Мірскіх. Сам год нараджэння Зыгмунта нібы прадвызначыў яго далейшы лёс.

У 1851 годзе Зыгмунт Чаховіч скончыў Віленскі шляхецкі інстытут, пазней з адзнакай скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт у Расеі на камеральным аддзяленні. На павятовым сойміку ў Свянцянах у 1861 годзе землеўласнікі аднагалосна прынялі праект заснавання публічнай бібліятэкі. Зыгмунт Чаховіч ахвяраваў тады ёй 150 кніг – з умовай, каб пасля прачытання змяніць іх на іншыя. У 1862-63 гадах ён стаў сябрам Віленскага Камітэта Руху, пасля яго ліквідацыі заняў пасаду сакратара ў «Аддзеле кіраўнікоў правінцыямі Літвы». Быў прыхільнікам жорсткай лініі Кастуся Каліноўскага. Разам з тым Зыгмунт Чаховіч не верыў ні ў які кірунак альбо ў заснаваную на праграме працу. Пакідаў гэта на волю сляпога выпадку, будучы фаталістам. Ён пісаў: «Мы ў маленькай лодачцы пасярод вялікай буры – розныя элементы не прыйдуць да згоды».

Калі паўстанне пачало цярпець паразу, Зыгмунта Чаховіча арыштавалі ў ліку многіх іншых – здарылася гэта 31 ліпеня 1863 года. Уладам ён быў выданы шпіёнам-яўрэем, пасля арышту Чаховіча прысудзілі спярша да расстрэлу. Але ў снежні 1863 года магнат Канстанцін Радзівіл, раней наваградскі павятовы маршалак, з якім Чаховіч быў пароднены праз Сулістроўскіх, прасіў у віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва пра замену смяротнага прысуду. Кару смерці змянілі на 10 гадоў катаргі. Аднак Мураўёў лічыў такі вырак занадта мяккім і падвысіў тэрмін да 12 гадоў цяжкіх работ. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі вернападданчы адрас расейскаму цару Чаховіч не падпісаў. Катаргу адбываў у Нерчынскіх капальнях.

Пасля вызвалення Чаховіч жыў у маёнтку Малыя Бяседы Вілейскага павету Віленскай губерні (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці), бо родавае гняздо Сурвілішкі царскія ўлады перадалі свайму генералу Маўрысу. У Малых Бяседах Зыгмунт Чаховіч стварыў вялікую бібліятэку. З Чаховічам пазнаёміўся малады тады Янка Купала, сям’я якога ў 1895-1904 гадах жыла непадалёку ў фальварку Селішча. У доме Чаховіча Купала ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай (прысвечанай польскаму вызвольнаму руху), гутарыў з ім пра паўстанне 1863 года, карыстаўся яго багатай бібліятэкай. Пра сустрэчы з Чаховічам паэт напісаў пазней у аўтабіяграфіях.

Памёр Чаховіч у веку 76 гадоў у Малых Бяседах 27 кастрычніка 1907 года. Пахаваны на могілках у мястэчку Радашкавічы. Па словах Якуба Гейштара, які добра ведаў Зыгмунта, Чаховіч быў «высакародны, узнёслы, але пры гэтым непаслядоўны і без цвёрдых перакананняў, лёгка даваў сабой кіраваць». А паводле Янкі Купалы, Чаховіч быў «ідэаліст і летуценнік». Асоба Зыгмунта Чаховіча натхніла класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Вобраз этага неардынарнага чалавека адлюстраваны ў яго п’есе „Калыска чатырох чараўніц”, у якой паказаны вялікі ўплыў Зыгмунта Чаховіча на фармаванне светагляду Янкі Купалы.

Беларускае Радыё Рацыя