Гілевіч і Быкаў выхавалі “палескую разумніцу”



Роўна паўстагоддзя таму, у 1966 годзе, выйшла падборка вершаў 13-гадовай дзяўчынкі з палескага сяла Пінкавічы. Праз пяць год, пакінуўшы родныя берагі Палесся, яна стане студэнткай БДУ і прысвеціць галоўнаму ўніверсітэту краіны ўсё жыццё. На небасхіле беларушчыны ззяла зорка –Любоў Тарасюк – слынная вучаніца Ніла Гілевіча ды Васіля Быкава.

Яе праца па фармаванні нацыянальнай адукацыі і культуры – гэта працяг справы Алаізы Пашкевіч”, – так калегі па Беларускім дзяржаўным універсітэце ахарактазавалі навуковую дзейнасць Любові Тарасюк (1953-2006). Літаратуразнаўца, паэтэсса, педагог, грамадска-культурны дзеяч…

Дарэчы, уласна не лічыла дэбютам з’яўленне вершаў у рэспубліканскай дзіцячай газеце, казала, што ўсё пачалося ў 1972 годзе. Тады ў часопісе “Маладосць” змясцілі нізку яе твораў. Але што цяпер нам, сучаснікам, галоўнае была і засталася.

Lubou1Любоў Тарасюк разам з родным братам.

Пашанцавала з настаўнікамі па жыцці

Усё пачалося 7 снежня 1953 года ў Пінкавічах. Вучачыся ў мясцовай школе трапіла пад уплыў дасведчанага педагога. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іван Калоша (1929-2010) першым разглядзеў здольнасці Любы да навук. Заахвочваў да ўдзелу ў літаратурных гуртках, арганізоўваў выправы па коласаўскіх ды купалаўскіх мясцінах. Нельга пакінуць па-за ўвагай, што Іван Калоша да Пінкавіч выкладаў у Сноўскай сярэдняй школе (цяпер аграгарадок у Менскай вобласці – аўт.). Як вядома, тут вучыўся будучы прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і першы міністр культуры Анатоль Бутэвіч. Дык вось спадар Бутэвіч шчыра ўдзячны настаўніку Калошы за прышчэпку павагі і цікавасці да роднай гісторыі.

Пінкавіцкую сярэднюю школу Любоў Тарасюк скончыла выдатна – залаты медаль. Трапіўшы ў БДУ, яе заўважыў Ніл Сымонавіч Гілевіч (1931-2016). Разам з Васілём Быкавым накіроўвалі здольную студэнтку на канферэнцыі, семінары па літаратурнай тэматыцы. Курыравалі першыя даследаванні, навуковыя працы. Менавіта Ніл Гілевіч пераканаў сваю студэнтку застацца працаваць у галоўным універсітэце краіны.

Яшчэ калі вучылася на філфаку, яе любімым настаўнікам і падтрымшчыкам быў Ніл Сымонавіч Гілевіч – гэта бясспрэчна. Потым яна і засталася на кафедры беларускай літаратуры. Натура ў Любы была цягавітая, яна ўкінулася ў навуку. Нездарма яе першы зборнік вершаў быў выпушчаны куды пазней ужо, хаця яна ў студэнцкія гады магла выдаць паэтычны зборнік таму, што вершы ў яе цудоўныя, менавіта палескія такія, разумныя, дасціпныя. Настолькі яна шукала слова, як паэт, яна магутная была б, кінулася ў навуку”, – угадвае сябра, літаратар Анатоль Шушко.

Lubou2 Вучні Пінкавіцкай школы з пісьменнікамі. У цэнтры – Іван Шамякін, ІІ рад злева: Люба Тарасюк, Пімен Панчанка, Іван Навуменка, Мікола Гамолка

Lubou3Альбуць. 1970 год. Радзіма Якуба Коласа. У цэнтры – Люба Тарасюк

За поспех на творчай ніве – пустэча ў асабістым

У 1981 годзе Тарасюк прымаюць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Праз два гады выходзіць першы паэтычны зборнік “Смага ракі”. У 1985 годзе манаграфія “Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі”. Увайшла ў склад рэдакцыйнай калегіі літаратурнага часопіса “Маладосць”. Кандыдат філалагічных навук, а з 1986 года дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

За ўсю 30-гадовую працу ў БДУ з-пад яе пяра выйшла 200 навукова-метадычных работ па нацыянальнай адукацыі і культуры. Заявіла сябе як прафесійны крытык і літаратуразнаўца. Заслугі не засталіся без увагі – узнагароды і дзяржаўная кватэра ў Менску.

У асабістым жыцці, на жаль, аказалася не ўсё паспяхова так, як на навуковай і творчай ніве. Не давялося займець сям’ю, хоць раманы, вядома, былі. Гэта пацвярджаюць знаёмыя і калегі. Ды не трэба пацверджанняў, досыць паглядзець на фотаздымкі. Якой прыгажосці была паэтэса! Не склалася – не зраслося…

Ва ўсіх адносінах Любоў Канстанцінаўна здзіўляла цэласнасцю сваёй натуры. Яе паэтычная творчая спадчына – напісана на адным дыханні, яе літаратуразнаўчыя штудыі – прыклад канкрэтнасці і насычанасці даследчай думкі, яе метадычныя працы – сінтэз педагагічнага вопыту і інфармацыйнасці, яе нешматлікія, зрэшты, пераклады – узор сумленнай працы над чужым словам (падкрэслю! Словам, а не тэкстам). Ёсць жорсткая праўда факта: яе з намі ўжо няма. У апошнія гады яна з гонарам проціпастаўляла няўмольнай хваробе веліч уласнага няскоранага духу, хаваючы ад павярхоўнага погляду свае пакуты. Упэўнены, што толькі існасць і чыннасць такіх адораных людзей, як Люба Тарасюк, ёсць гарантыяй нашага будучага нацыянальнага адраджэння, – з водгука гісторыка літаратуры Міколы Хаўстовіча.

Lubou4Студэнты з Беларусі ў Маскве на навуковай сустрэчы. Любоў Тарасюк другая справа, ІІ рад

Lubou5Некаторыя з выкладчыкаў Любы ў БДУ. Легендарныя Ніл Сымонавіч Гілевіч, Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў, Навум Ісаакавіч Лапідус ды іншыя

Нават на смяротным адры не пакідала працы

З надыходам незалежнасці паўстаў запыт на нацыянальную адукацыю, дакладней казаць, яе пачынаюць фармаваць. У гэты працэс актыўна ўключаецца Любоў Тарасюк. Выдае некалькі навучальных дапаможнікаў для школ, ліцэяў, гімназіяў і беларускіх ВНУ.

З 1991 па 2005 год Любоў Тарасюк узначальвала суполку філалагічнага факультэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. З 1995 года з’яўлялася ганаровым чальцом гэтай асацыяцыі.

Рэгулярна выдавала падборку вершаў у часопісе “Маладосць” і тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, а ў 1997 годзе, каля дваццаці яе твораў уключылі ў кнігу “Галасы вёсен”. Уваходзіла ў склад праўлення Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). У 2003 годзе выдала другі зборнік, апошні прыжыццёвы – “Апалогія красы”.

Цяжкая ды хутка прагрэсуючая хвароба стала прычынай вяртання з Менска ў родныя Пінкавічы. Калі яшчэ ў 2005 годзе былі чаканні лепшага, то за год надзея згасла. Усё завяршалася. Разумела гэта і навукоўца. Мужна трымалася, не прыпыняла справу.

Яна сумленна і самааддана служыла беларушчыне, якую свядома выбрала і якой ніколі не здрадзіла. Яна стварыла сваю Беларусь і жыла ў сваёй Беларусі. Адбылося гэта напрыканцы 70-х, а ў беларусізацыю канца 80-х − пачатку 90-х Люба Тарасюк ішла, асвятляючы паходняй сваіх назапашаных ведаў шлях іншым. У тагачасных беларускіх літаратурна-мастацкіх выданнях даволі часта з’яўляліся публіцыстычныя і навукова-публіцыстычныя артыкулы чалавека-патрыёта. Яна доўга чакала перамен, радавалася гэтым пераменам, спадзявалася на незваротнасць гэтых перамен. Яе можна было бачыць на шмат якіх імпрэзах і мітынгах; яна верыла, што нараджаецца Новая Беларусь, і лічыла сваім доўгам удзельнічаць у гэтым працэсе, бо ведала, што “працы шмат, а працаўнікоў мала”. А таму адкладала пяро (дакладней, сваю ўлюбёную друкавальную машынку, якую эксплуатавала, даруйце, бязлітасна, з-за чаго часта даводзілася чыніць яе) ды ішла да грамады, каб засведчыць перад Богам і самой сабою праўдзівае разуменне абавязку нацыянальна свядомага чалавека. Яна мела дар адчуваць Паэзію, якая была для яе сапраўднай. Прыгажосцю, Красою. Максім Багдановіч і Янка Купала, Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш… Мастацкі свет іх твораў дасканала пазнала і разумела Люба Тарасюк ды імкнулася наблізіць яго да сваіх студэнтаў, якіх любіла, якім цалкам аддавала ўсю сябе,” – словы ўдзячнасці ад доктара філалагічных навук Людмілы Сіньковай.

Lubou6Падчас выезду ў Нямеччыну, здымак на памяць ля тэлебачання ў Берліне

Lubou7Разам з калегамі, Любоў Тарасюк сядзіць першая справа

Бацькоўскі боль – хто яго пачуе, хто прыме…

Пэўна бацька, Канстанцін Міхайлавіч (1926-2015), так і не змірыўся са стратай дарагой дачкі. Ён і памёр у дарозе да магілы, здарылася тое няшчасце ўлетку 2015 года.

Не шкадавала ні пра што. Ганарылася ўсім, што зрабіла. А вось я плачу. Да апошняга пісала, тэлефанавала ў Менск. Не адпускала асадкі, усё нешта перакладала паперы. Нічога супраць не казаў, толькі спрабаваў даць зразумець, што не варта так сябе нагружаць, а тым больш у гэтай сітуацыі. Адказвала каротка і адназначна: Трэба! Трэба! Разумела, што не паспявае завяршыць мноства спраў. Канешне, ганаруся, але балюча. Абураюся на гэтую навуку і люблю”, – узгадваў бацька даследчыцы.

Канстанцін Міхайлавіч захаваў усе рэчы літаратуразнаўцы, сямейны архіў ахвяраваў Пінкавіцкай бібліятэцы і школе. Перажыў жонку, сына, а дачка дык год памірала на вачах, і нічога не мог зрабіць. За некалькі месяцаў да смерці прызнаваўся, што не спіць уночы, адчувае яе прысутнасць. Сапраўды, так магло падацца, бо насамрэч жыццё ў гэтай сельскай хаце спынілася 16 чэрвеня 2006 года. Бацька пакінуў такую абстаноўку, якая была ў апошнія дні Любові Тарасюк.

Да яе прац яшчэ звернецца не адзін сучаснік альбо наступнік у пошуку сапраўды навуковага слова пра беларускую паэзію ХІХ і ХХ стагоддзяў, пра наш фальклор, нашу культуру, духоўнасць, развіццё айчыннага літаратурнага працэсу ў лучнасці з агульначалавечай гісторыяй. Ён знойдзе гэтыя параўнальна нешматлікія працы сярод шараговага інфармацыйнага друзу, як сапраўдныя дыяменты – моцныя сумленным стаўленнем да факта, да тэксту і ззяючыя арыгінальнасцю мыслення. Неарамантызм і неакласіцызм, імпрэсіянізм і сімвалізм, іншыя эстэтычныя феномены ва ўніверсальнай паэтыцы беларускіх класікаў гарту Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, а таксама творчасць славутых (як Францішак Багушэвіч) і малавядомых (як Юльян Ляскоўскі) аўтараў ХІХ стагоддзя Любоў Канстанцінаўна вывучала з той праніклівасцю, якую ёй даваў яшчэ і ўласны паэтычны талент: першая кніга вершаў Любы Тарасюк называлася “Смага ракі”. Паляшучка, яна ўяўляла сябе мележаўскай Ганнай Чарнушкай, і сапраўды прыйшла на філалагічны факультэт БДУ з адкрытымі, вялікімі чорнымі вачыма і шыкоўнымі чорнымі валасамі, а галоўнае – з Ганніным характарам, з яе ўпартым імкненнем да справядлівасці і праўды як у вялікім, так і ў малым, – водгук кандыдата педагагічных навук Ніны Рашэтнікавай.

Lubou8 Пасведчанне чальца Саюзу пісьменнікаў Беларусі за подпісам Васіля Зуёнка

Lubou9Пасведчанне “Ганаровага сябра” асацыяцыі беларусістаў за подпісам Адама Мальдзіса

Пытанне памяці залежыць ад нас саміх

Памяць жывая, і тое галоўнае. А вось наданне імя вуліцы альбо нейкай навуковай установе – праява пашаны ўлады, так бы мовіць прызнанне. Гэта зусім розныя рэчы, як не адное і тое ж Бацькаўшчына і апарат наменклатуршчыкаў, так памяць народная і выліты бюст.

У 2015 годзе аднавяскоўцы беларускай даследчыцы прапанавалі надаць яе імя бібліятэцы ў Пінкавічах. Ініцыятыву падтрымала Таварыства беларускай мовы і асабіста прафесары Сяргей Кавалёў ды Адам Мальдзіс. Мясцовыя чыноўнікі паабяцалі вырашыць пытанне станоўча, але справа чамусьці зацягнулася і выніку няма дагэтуль. А тым часам у бібліятэцы дзейнічае мемарыяльны стэнд і рэгулярна праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Любові Тарасюк.

Неяк пры нагодзе літаратар Анатоль Шушко падкрэсліў: Калі Яўгенія Янішчыц – ластаўка Палесся, то Люба Тарасюк – разумніца Палесся. Дзве паляшучкі плённа аздобілі беларушчыну, дык няхай жа вечна ззяюць іх зоркі!

РАЗВІТАННЕ

Дыпціх

1

Я моўчкі паміраю, як рака,

Шукаючы ад смагі прагнай выйсце.

А дзень кароткі: за вытокам − вусце…

Як доўга кроплі сонца ў ім гараць!

Сплыве за хваляй хваля не адна

І не суцешыць думкай неадчэпнай.

Боль, як агонь высокі − невычэрпны,

Саму душу прапальвае да дна.

Вяртаюся, адкуль прыйшла, − у зямлю.

Паўстане ў квецені мой след глыбокі,

І панясуць бялюткія аблокі

Маё безабароннае: люблю.

2

Бяссоннаю істотай пачуцця

Світаю на салёным крохкім беразе.

Ёсць толькі міг душою ачуняць

Для ўсіх трывог, чый час яшчэ наперадзе.

Я да цябе сваю раку вяла,

Згарнуўшы бег яе ў клубочак сонечны.

Каб адамкнуўся дзень твайго святла…

А век уласны мой − як дом няскончаны.

Любоў Тарасюк (1953-2006)

Lubou10 Акуляры навукоўцы

Lubou11Любоў Тарасюк. Аркуш з альбома, прысвечанага творчасці знанай зямлячкі, які ўласнымі рукамі зрабілі вучні з Пінкавіч

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск