195 гадоў з дня нараджэння Зыгмунта Серакоўскага



Адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863 года Зыгмунт Серакоўскі нарадзіўся 30 траўня 1826 года ў в. Лісавое (цяпер Маневіцкі раён, Валынская вобласць, Украіна). Ягоны бацька быў беззямельным шляхціцам, які загінуў у шэрагах паўстанцаў 1830-31 гадоў.

З 1845 па 1848 Зыгмунт навучаўся ў Пецярбургскім універсітэце , дзе ўзначальваў таемнае таварыства Саюз літоўскай моладзі. У 1848 годзе быў западозраны ў тым, што плануе выехаць ў Аўстра-Вугоршчыну, арыштаваны і адпраўлены шарагоўцам у Арэнбурскі лінейны полк Арэнбурскага асобнага корпуса, дзе пазнаёміўся з Тарасам Шаўчэнкам, Браніславам Залескім і іншымі ссыльнымі. У сакавіку 1856 года быў узведзены ў чын прапаршчыка і пераведзены ў 7-мы батальён Берасцейскага пяхотнага палка. Вярнуўшыся ў Пецярбург, паступіў ў Акадэмію Генштаба, якую паспяхова скончыў (1859 год) у чыне капітана. Яшчэ ў час вучобы адпраўлены за мяжу даследаваць і назіраць турмы Заходняй Еўропы. Выступаў за адмену цялесных пакаранняў у войску. Пазней служыў у дэпартаменце Генштаба і займаўся ваенна-крымінальнай статыстыкай. У Еўропе пазнаёміўся з Аляксандрам Герцэнам і Джузэпэ Гарыбальдзі. Супрацаваў з часопісамі “Колокол” ды “Современник”. У чэрвені 1860 года разам з Ігарам Вярнадскім удзельнічаў у працы 4-га Міжнароднага статыстычнага кангрэсу ў Лондане. 

 У 1863 годзе пасля пачатку Студзеньскага паўстання ў Варшаве Серакоўскі атрымаў 2-х тыднёвы адпачынак на службе дзеля выезду за мяжу. Выехаў у Літву, дзе стаў адным з лідараў паўстанцаў. Абвясціў сябе генералам Літоўскім і Ковенскім пад імём Далэнга.

За кароткі тэрмін Серакоўскі сабраў паўстанцкі аддзел колькасцю 5 тысяч чалавек. Ягоны аддзел 23-24 красавіка быў разбіты расейскімі карнымі войскамі, але частка аддзелу ацалела і працягнула змаганне. У наступнай бітве ля мястэчка Біржы яны былі канчаткова разбітыя. Сам Зыгмунт Серакоўскі быў паранены ў грудзі навылет, патрапіў у палон. Перад ваенна-палявым судом прамаўляць адмовіўся, патрабуючы суду галоснага ды прысяжнага. Судовы вырак быў: павешанне. Прысуд выкананы ў Вільні на Лукішскім пляцы, дзе крыху пазней павесілі і Кастуся Каліноўскага. 

Зыгмунт быў жанаты з Апалоніяй Далеўскай (1841-пасля 1915), сястрою Цітуса Далеўскага, якую пасля паўстання 1863-64 гадоў выслалі ў Ноўгарад. З 1867 года жыла ў Варшаве. Пакінула ўспаміны пра паўстанне.

22 лістапада 2019 года ў Вільні з удзелам прэзідэнтаў Летувы і Польшчы, урадавай дэлегацыі Беларусі, тысяч прыехаўшых беларусаў прайшло ўрачыстае перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863 года. Перапахаваны ў капліцы на могілках Росы 20 чалавек, у іх ліку быў і Зыгмунт Серакоўскі, парэшткі якога ідэнтыфікавалі аднымі з першых. На гары Гедымbна ён быў пахаваны асобна. На яго правай руцэ археолагі знайшлі залаты пярсцёнак. На ім напісана: «Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.».

Беларускае Радыё Рацыя