1983 год Караткевіча ў Воршы; “лепш стаў есці, чытаў кнігі, апекаваўся катамі”
Адам Мальдзіс у кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” згадвае, як сябры ў кастрычніку 1983 года наведалі 29 кастрычніка 1983 годзе ўжо вельмі нездаровага Уладзіміра Караткевіча.
На фота спуск да Дняпра, той самы, які апісвае Мальдзіс: „Разам мы выйшлі на бераг Дняпра, прыбранага ў асеннюю пазалоту дрэў. Але спусціцца па стромкім адхоне да самой ракі Валодзя ўжо не рашыўся — адмаўлялі слухацца ногі”.
У 1983 годзе 28 лютага ў адзін дзень памірае жонка Караткевіча, Валянціна, і любімая цётка Яўгенія, якая жыла ў Кіеве. У стане нервовага зрыву Караткевіч прыязджае ў Воршу.
На фота: Дом па вуліцы Караткевіча 10, тут жыў пісьменнік.
Адам Мальдзіс у кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” згадвае:
“Летам Караткевічу крыху палепшала. Ён зноў стаў хвалявацца за лёс помнікаў архітэктуры, розных „апальных” асоб. Некалькі разоў пазваніў з гэтай прычыны А. Т. Кузьміну, які, наколькі магу меркаваць з дзвюх тагачасных размоў, вельмі хваляваўся за здароўе пісьменніка і рабіў канкрэтныя захады, каб яго ўратаваць. Спробы, часам нават адчайныя, уратаваць Валодзю ад дэпрэсіі, рабілі і мы, ягоныя сябры. Але вынікі былі толькі часовыя. І тут Наталля Сямёнаўна рашыла, што яму трэба змяніць асяроддзе, паехаць у Оршу, дзе жыла яго пляменніца Ляля і яе муж Юра. На радзіме, здавалася, хворы павінен акрыяць. 29 кастрычніка разам з Нінай Уладзіміраўнай Адамчык, Галінай Львоўнай Кісялёвай, лекаркай з бальніцы і дачкой Наталлі Сямёнаўны Надзяй я наведаў Валодзю ў Оршы. Ён адчуваў сябе, як сам казаў, „пяцьдзесят на пяцьдзесят”, лепш стаў есці, чытаў кнігі, апекаваўся катамі. Узрадаваўся нашаму прыезду. Шкадаваў толькі, што пільныя справы перашкодзілі прыехаць Быкаву і Кісялёву („Кісялю”). Паказаў нам хату, у якой жыў (па вуліцы Касманаўтаў, 10) – яна была пабудавана адразу ж пасля вайны з бярвення, перавезенага з вёскі (месца ж знаходжання бацькоўскай хаты акрэсліў вельмі прыблізна: там усё змянілася). Разам мы выйшлі на бераг Дняпра, прыбранага ў асеннюю пазалоту дрэў. Але спусціцца па стромкім адхоне да самой ракі Валодзя ўжо не рашыўся — адмаўлялі слухацца ногі. Назаўтра пазваніў Васіль Быкаў, распытваў пра стан здароўя Караткевіча. Казаў, што і сам з’ездіць да яго пасля Кастрычніцкіх свят, калі крыху вызваліцца. У снежні, на зіму, Уладзімір Караткевіч вярнуўся ў Мінск. З кватэры амаль не выходзіў, з выдавецтвамі кантактаваўся па тэлефоне. Я некалькі разоў заходзіў да яго, каб угаварыць на курс лячэння, прапанаваны літоўскім медыкам Валдасам Банайцісам”.
Беларускае Радыё Рацыя