1989 год: „О, час пераможных шэсьцяў – крышацца брукі ад маршаў!”



30 верасня 1989 года ў Менску адбылося першае мірнае масавае шэсце пад назвай Чарнобыльскі шлях, прысвечанае наступствам катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Выставу, арганізаваную па ініцыятыве Праваабарончага цэнтра “Вясна”, прэзентуюць непасрэдныя ўдзельнікі тых гістарычнай падзей, якія адлюстраваныя на гістарычных ужо фотаздымках. Аўтар фотаздымкаў Уладзімір Сапагоў (1952-2012). 

Пры падрыхтоўцы выставы арганізатары запісалі ўспаміны ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху 30 верасня 1989 года. 

Ірына Дубянецкая: Настрой быў прыкладна такі, як у вершы Тацяны Сапач: „О, час пераможных шэсьцяў – крышацца брукі ад маршаў! Як не вітаць гэту музыку сусьветнае мітусьні!” Усё атрымлівалася, усё прагаворвалася, было магутнае адчуваньне таго, што вось, ёсьць мы, і мы ўваходзім у сілу, і ўсё зьнявечанае выправім, і самі ўсё вырашым, і адказнасьць на сябе возьмем, і страху ў нас няма – ні страху адказнасці, ні страху ўлады моцных, што нас гняла… Штосьці такое, не спецыфічна Чарнобыльскае, а так, што і тут трэба працаваць – і мы можам і гатовыя, і да іншага дойдзе чарга, бо на гісторыі й жыцьці суцэльны дзірван, і будзем яго разворваць, дай толькі час! Маладосць, што сказаць!

Уладзімір Сіўчыкаў: Помніцца, была пэўная эйфарыя, адчуванне, што проста на вачах творыцца гісторыя. Што можна паўплываць на падзеі і асабістым удзелам, нават простай прысутнасьцю ў шэрагах маніфестантаў. А яшчэ думалася, што бараню і сваю сям’ю, двую дачок — чатырохгадовую Алесю і Хрысьціну, якой быў год і два месяцы.

Алесь Дашчынскі: Я тады з Чарнобыльскага шляху і многіх іншых акцый рабіў матэрыялы на Белрадые Калі б ведаў,дык зьбіраў бы тэксты, Эх…

Антаніна Хатэнка: Што памятаю? Трывожнасьць памятаю, вельмі акрэслена, дакладна – ажно дых пераймае: што з намі будзе далей? Трымценьне лісьця на дрэвах памятаю. Напэўна, так трымцела я сама ў прадчуваньні (яшчэ не адчуваньні!) вялікай і неадольнай бяды). А бяда ж ужо зрывала бязьлітасна жыцьці, як тое лісьцё з восеньскіх дрэў. Незвычайную цёплую еднасьць памятаю. Быццам толькі маўчанне й можа так звязваць, лучыць і трымаць разам. Гэта была ці не адзіная часіна ў маім жыцьці, калі недзе глыбока запалі ўсе словы. Я ішла поруч з мужам, Алесем Емяльянавым, і мне падавалася, што вось цяпер, у гэты незвычайны момант жальнай цішы, я пазнаю яго зусім не знаёмага, інакшага, чым заўжды. чым штодня. Знакі радыяцыі памятаю, як водбліскі чужое пагрозы. Ніколі больш так востра не адчувала візуальную інфармацыю. І ніколі больш так не чутны былі крокі, нашы крокі – кожнага паасобку і ўсіх разам. Гэта была хада спакойных і мудрых людзей, якія верылі ў сваю моц і нават, мабыць, трошачку ў сваю місію. Зьдзіўленьне памятаю: нас усё болела й болела, з усіх краёчкаў зямлі нашай ішлі, ішлі, ішлі маўклівыя, але не суровыя, а нібыта неяк трагічна прасветленыя абаронцы – абаронцы свайго парушанага, разбуранага, выбухлага болем і скрухай, адчаем і сіроцтвам бяздом’я сьвету. А восень залаціла той наш абпалены сьвет амаль урачыста ці амаль абыякава. І гэтае хараство, гэтую пераможнасць восені й маўчаньня памятаю праз усё жыццё. Нібыта стуль і вяду надзею жыць. Жыць праз усе навалы, несправядлівасьці й выпрабаваньні. Таму што жыцьцё… яно бяскрайне мужнае, непераможнае. Гэткія вось у мяне згадкі. Ціхія, як моўча, як ліставей спасярод ядравага разлому.

Вінцук Вячорка: Перад Плошчай Радаслава Вячорка і Станіслаў Сокалаў ішлі наперадзе. Стась жа са сьцяжочкам, іх выпусьцілі ўперад, бо сымбалічна, што дзеці.

Лявон Садоўскі: Памятаю што ў шэсці ўдзельнічаў Алесь Адамовіч, а прамову акадэміка Веліхава абсвісталі.

Алена Лапцёнак: Той дзень запомніўся яшчэ і таму, што адмыслова на акцыю да нас з сяброўкамі прыехалі ўкраінскія актывісты, з якімі мы пазнаёміліся незадоўга да гэтай падзеі падчас экскурсійнай паездкі ў Львоў. У цэнтры гораду стаялі пікеты пад сіне-жоўтымі фанамі (сцягамі па-украінску), такая натхняльная атмасфера „дзвіжу”, кажучы сённяшнім слэнгам, што, кінуўшы свой экскурсійны аўтобус і групу, мы адправіліся ў Чарнаўцы – на самы першы музычны фестываль „Чырвона рута”. І вось пасля гэтага ўжо яны прыехалі ў Мінск. Добра памятаю, як мы вярталіся з Чарнобыльскага шляху ўзрушанай кампаніяй па вуліцы Ілімскай пад сцягамі: вялікім сіне-жоўтым і бел-чырвона-белым. 

Паліна Сцепаненка: Быў дождж і вельмі шмат людзей. Ішлі па праспекце па праезджай частцы, што было незвыкла, ішлі да Плошчы. І падчас руху было адчуванне, што свет, у якім мы жылі, мяняецца, з кожным крокам з кожнай хвілінай і секундай. Што мы больш не будзем жыць у тым ранейшым свеце, дзе ўсім кіравала КПСС.

Сяргей Чырык: Падчас Чарнобыльскага шляху было шмат журналістаў і фотакарэспандэнтаў, здымалі і я, і Кастусь Войтка… Уладзіміра Сапагова добра памятаю, ведаў яго. Уладзімір Кармілкін запісваў гук выступаў, якія гучалі на Плошчы, гэта бачна на фотаздымках.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя