20 гадоў таму не стала пісьменніка з Варакомшчыны



20 гадоў таму не стала цудоўнага празаіка Вячаслава Адамчыка, які быў родам з вёскі Варакомшчына Дзятлаўскага раёна. Тады, калі нарадзіўся Вячаслаў Адамчык 1 лістапада 1933 года, вёска была пад Польшчай і ўваходзіла ў Наваградскае ваяводства. Як прыгадваў у сваіх “Крэсках з аўтабіяграфіі” (Мн., 1973. С.9) пісьменнік, “Варакомшчына… дзікаватае, незвычайнае слова. Але яно для мяне хрумсціць, як парэзаная скрылікамі і падсмажаная з алеем бульба. Варакомшчына…”.

Тры гады ён хадзіў у “нямецкую” школу, якая знаходзілася ў пустой яўрэйскай хаце з аблупленымі шпалерамі. Потым, пасля вайны, пайшоў у вячэрнюю. Адначасова пачаў падпрацоўваць, разгружаючы на чыгуначнай станцыі Наваельня цэмент, соль, гарэлку, кавуны. З таго часу вельмі любіў пах мазуты, свісток сцэпшчыка, раптоўны лязгат вагонаў і белы салодкі дым ад чорных паравозаў.

Да беларускага Вячаслава Адамчыка прывучылі кнігі віленскіх выданняў, што ляжалі на гарышчы ў дзядзькі. А беларускія песні пачуў ад маці, а таксама ад вясковых жанчын, якія заўсёды іх любілі спяваць, асабліва на вяселлях і хрэсьбінах. Землякі ўсе разам і натхнілі юнака на вучобу – у 1952 годзе ён паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

У 1957 годзе апублікаваў першае апавяданне. А праз год выйшаў першы зборнік прозы “Свой чалавек”. А потым былі дзесяткі іншых кніг. Але найбольшую папулярнасць пісьменніку прынеслі яго раманы “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца”, “Голас крыві брата твайго”. Яго раманы, прысвечаны жыццё Заходняй Беларусі. У цэнтры раманаў вобраз маладой жанчыны, якая, застаўшыся ўдавою, хоча знайсці сваё каханне, сваю страчаную маладосць, але па сутнасці губіць сваё жыццё. За іх пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію імя Івана Мележа і Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.

Герой Сацыялістычнай працы Уладзімір Юрчанка, пісьменнікі Леанід Гаўрылкін і Вячаслаў Адамчык.

Упершыню я пазнаёміўся з Вячаславам Адамчыкам у кастрычніку 1988 года, калі быў запрошаны ў Наваградак на абласное свята паэзіі. У літаратурным свяце тады прымалі ўдзел Алег Лойка, Данута Бічэль, Анатоль Клышка, Алена Руцкая, Анатоль Іверс, Самсон Пярловіч, Валянціна Аколава, Юрась Пацюпа, дацэнт Ягелонскага ўніверсітэта з Польшчы Анджэй Раманоўскі. Быў з намі і Вячаслаў Адамчык. У зале гарадскога Дома культуры, памятаю, сабралася вельмі шмат людзей. Нас шчыра віталі і прыпаднеслі нам хлеб-соль. Вечар адкрыў і вёў Вячаслаў Адамчык. А потым мы сустракаліся з сябрамі мясцовага літаратурнага аб’яднання пры раённай газеце “Новае жыццё”, з навучэнцамі гандлёва-эканамічнага тэхнікума, сябрамі аб’яднання “Сваякі”, працаўнікамі калгаса “Свіцязь”, пабывалі ў пансіянаце “Свіцязь”. У тых сустрэчах Вячаслаў Адамчык быў намі ўмоўна абраны за кіраўніка нашай пісьменніцкай суполкі. Усюды ён ішоў першы, знаёміў нас, прымаў падарункі, калі яны былі, і ад імя пісьменнікаў казаў усім, хто нас сустракаў, шчырыя словы.

З 1982 года Вячаслаў Адамчык быў галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка”. Напачатку 1993 года я даслаў у часопіс вершы паэта Сяргея Хмары (1905-1992), які быў земляком рэдактара, бо нарадзіўся ён на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Казлоўшчына. Ішоў час, а творы Сяргея Хмары так і не з’яўляліся ў “Бярозцы”. Я напісаў ліст асабіста Вячаславу Уладзіміравічу і запытаўся, чаму ён не публікуе свайго земляка? І хутка ў вераснёўскім нумары “Бярозкі” за 1993 год з’яўляецца мой артыкул пра Сяргея Хмару “Бясконцы шлях дадому” і верш паэта “Калыхала зыбку маці”, які ён напісаў ажно ў 1935 годзе.

З Вячаславам Адамчыкам добра сябраваў і яго зямляк з Дзятлава, заснавальнік мясцовага краязнаўчага музея Міхась Петрыкевіч (1913-1999). Нядаўна сын Міхася Петрыкевіча Валерый Петрыкевіч з Дзятлава перадаў мне адно пісьмо са свайго хатняга архіва. Гэта ліст Вячаслава Адамчыка да Міхася Петрыкевіча, які, як дырэктар музея, шмат у яго пытаўся пра гісторыю Дзятлава. Ці пішуць сёння падобныя грунтоўныя лісты пісьменнікі? Здаецца – не. Пісьмо Вячаслава Адамчыка да Міхася Петрыкевіча – гэта прыклад пісьменніцкай дапамогі тым, хто займаецца карыснай справай, гэта прыклад, як трэба адгукацца на просьбы людзей, дапамагаць карыснай інфармацыяй, знаходзіць час адпісаць пісьмо, параіць, дапамагчы. Ліст быў напісаны Вячаславам Адамчыкам 26 чэрвеня 1971 года:

Дарагі Міхаіл Тодаравіч!

Выконваю Вашу просьбу – высылаю тыя невялікія звесткі, якія маю пра Зецелу. Ці чулі Вы, што тамтэйшыя людзі на Дзятлава ці Здзецела кажуць Зецела. Гэта даўнейшая беларуская назва і яна пацвярджаецца дакументамі. У XIV томе “Літоўскіх выданнях Віленскай археаграфічнай камісіі” (1888 г.), ёсць інвентар маёнтка Здзецела, які належаў князю Канстанціну Астрожскаму. Гэты дакумент зроблены 24 красавіка 1560 года. Канстанцін Астрожскі (ці, як тут называецца яго поўны тытул – ваявода Кіеўскі, маршалак зямлі Валынскай) быў адным з прагрэсіўных палітычных дзеячаў XVI стагоддзя. Ён змагаўся супраць паланізацыі, выступаў на польскіх сеймах, патрабуючы незалежнасці для беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў. Гэта трэба ўлічваць, характарызуючы К.Астрожскага.

А цяпер наконт мястэчка Здзецела. Я выпісаў з інвентара толькі назвы вуліцаў: Гальшанская, Памарайка, Дворная, Дубатоўкаў. Я не адзначыў для сябе колькі ж у Зецелі было двароў і колькі ім належала валок. У гэтым дакуменце мяне зацікавіла другое, а менавіта, як утварыліся беларускія прозвішчы. Сянюта, напрыклад. У гэтым дакуменце падаецца як імя: Сянюта Галюновіч з Ятвезі, або Шымко Андрэйновіч з Погір. Або такія імёны, як Станюк, Петраш, Матук, Яцук, Клімец, Санец, Кунец, Пацук – сталі цяпер прозвішчамі.

У вёсцы Клішавічы былі, напрыклад, такія імёны і прозвішчы: Грын Рудзік, Гасціла Чэшэйко, Пацук Федзевіч, Цішук Клішэвіч, Талюш Клішэвіч. Няўжо Гасціла, ці як мы цяпер пішам, перайначыўшы яго на рускі лад Гастэла – гэта імя?..

Але я адхіліўся. Пазнейшыя звесткі пра Зецелу можна знайсці ў “Памятных кніжках Гродзенскай губерні”. Я ведаю, што яны ёсць за 1866 год, за 1897, 1903 гады. Там можна даведацца колькі і ў якім мястэчку было жыхароў, двароў, касцёлаў, цэркваў, сінагогаў, калі былі кірмашы, хто быў начальнікам паштовага аддзялення і як прозвішча настаяцеля касцёла. Вось некалькі выпісаў са зборніка “Волости и важнейшие селения Европейской России” (Выпуск 5, 1886):

Слонімскі павет, воласць Дзятлаўская:

Вензавец – 90 двароў, 850 жыхароў, царква праваслаўная, кірмаш.

Засецце – 91 двор, 581 жыхар.

Ахонаў – 93 двары, 470 жыхароў, царква праваслаўная, школа.

Дзятлаў (Здзецел) – 118 двароў, 602 жыхары, царква праваслаўная, дзве сінагогі, школа, пошта і г.д.

А як паведамляе “Адрес-календарь к памятной книжке Гродненской губерни на 1897 год” у Дзятлаве праз 10 гадоў ужо было 3315 жыхароў. Значыць: 602 – лічба памылковая, можа 902. Словам, калі ў мяне будзе вольная хвіліна, то я зайду ў Ленінскую бібліятэку і выпішу з інвентара маёнтка Дзятлава шырэйшыя звесткі. А пакуль – усяго Вам найлепшага. Вяч. Адамчык. 26 чэвеня 1971 года.”.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара