20 гадоў таму выйшаў першы нумар “Краязнаўчай газеты”



У верасні спаўняецца 20 гадоў, як у Гародні выйшаў з друку першы нумар бюлетэня краязнаўцаў Гарадзеншчыны “Краязнаўчая газета”. Яна выдавалася для тых, хто цікавіўся гістарычнай спадчынай, этнаграфіяй, прыродай, літаратурай, архіўнымі звесткамі, шматнацыянальнай культурай роднага Прынёманскага краю.

“Краязнаўчая газета” выдавалася на якаснай белай паперы на 8 старонках. Выйшла з друку ўсяго 20 нумароў. Апошні нумар з’явіўся ў друку ў сакавіку 2002 года. Наклад яе быў 299 асобнікаў. Рэдагаваў газету Сцяпан Ярашчук. А гэта псеўданім гарадзенскага журналіста і грамадскага дзеяча Валерыя Задаля, які рана пакінуў гэты свет.

Калі сабраць усе нумары “Краязнаўчай газеты”, то атрымаецца вельмі ладны том краязнаўчага выдання Гарадзеншчыны. На яго старонках друкаваліся матэрыялы і допісы краязнаўцаў Гарадзенскай вобласці, а таксама пісалі сюды з іншых рэгіёнаў Беларусі. У публікацыях уздымаліся праблемы, паведамлялася пра набыткі, вынікі даследчай і пошукавай працы. Асобныя матэрыялы прысвячаліся знакамітым людзям Прынёманскага краю – акадэмікам Юрыю Астроўскаму, Барысу Кіту, Яўхіму Карскаму, Аркадзю Мігдалу, славутым землякам – Элізе Ажэшка, Міхалу Валовічу, Цётцы, Аляксандру Шыдлоўскаму, Апанасу Цыхуну і многім іншым. 

Бюлетэнь у той час асвятляў працу археалагічных летнікаў, сяброў згуртавання школьных краязнаўцаў Гарадзенскай вобласці, друкаваў анатацыі на кнігі маладых мясцовых аўтараў, рабіў агляды краязнаўчых бюлетэняў рэгіёна, друкаваў водгукі на стварэнне краязнаўчых таварыстваў – Лідскага, Дзятлаўскага, Шчучынскага, Зэльвенскага і іншых. Вялікае значэнне надавалася ілюстрацыям і фотаздымкам.

Сярод аўтараў “Краязнаўчай газеты” былі прафесары Андрэй Майсяёнак, Сяргей Габрусевіч, Аляксей Пяткевіч, гісторыкі Вячаслаў Швед, Генадзь Кісялёў, Віталь Скалабан, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Госцеў, Мікалай Гайба. Пісалі Ігар Пракаповіч і Кастусь Шыдлоўскі з Віцебшчыны…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя