20 лютага 1918 года сфармаваўся першы ўрад БНР
20 лютага 1918 года пасля адступлення з Менску бальшавіцкіх войскаў Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду сфармаваў Народны Сакратарыят.
Сакратарыят абвясціў сябе вярхоўнай уладай у краі да “склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі”. У кастрычніку 1918 года Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР і ў наступным быў вядомы як Урад БНР.
Спачатку ва ўрад на чале з Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасля іх колькасць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, склад першага ўраду БНР быў наступны:
Язэп Варонка — старшыня і народны сакратар (міністар) міжнародных справаў,
Іван Макрэяў — народны сакратар унутраных справаў,
Аркадзь Смоліч — народны сакратар асветы,
Яўхім Бялевіч — народны сакратар справядлівасці,
Янка Серада — народны сакратар народнай гаспадаркі,
В. Рэдзька — народны сакратар шляхоў зносін,
Тамаш Грыб — народны сакратар земляробства,
Палута Бадунова — народны сакратар апекі,
А. Карач — народны сакратар пошты і тэлеграфу,
Пётра Крэчэўскі — народны сакратар кантролю,
Гелі Белкінд — народны сакратар фінансаў,
Павел Злобін — сакратар расейскіх справаў,
Майсей Гутман — «першы таварыш» (першы намеснік) старшыні і сакратар габрэйскіх справаў,
Канстанцін Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых справаў,
Лявон Заяц — загадчык справаў Народнага Сакратарыяту