20 прапаноў па ўшанаванні памяці Караткевіча ў Воршы



Аршанская кааліцыя дэмакратычных сілаў сфармулявала шэраг прапаноў дзеля ўшанавання памяці славутага земляка. Іх  пажадана ўвасобіць за бліжэйшы год: 26 лістапада 2020 году Беларусь будзе адзначаць 90-гадовы юбілей Уладзіміра Караткевіча.

Будучы класік нарадзіўся ў Воршы, тут ёсць вуліца ягонага імя, помнік, мемарыяльны музей.

Але варта  зрабіць яшчэ колькі захадаў, каб памяць пра яго заставалася жывой, кажа старшыня аршанскай філіі Таварыства беларускай мовы Юрый Нагорны:

– Каб абазначылі месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю Караткевіча ў Воршы, бо не толькі ў 8-й і 3-й школах ён вучыўся і працаваў, але  гэта і 1-я, і 5-я школа, і там нічога пра яго няма. Прапануем зрабіць банэр з фотаздымкамі пісьменніка на вуліцы Караткевіча, аформіць выставу на чыгуначным вакзале з яго фотаздымкамі, вершамі.

Гэта толькі частка прапаноў, дасланых у Аршанскі райвыканкам. Следам за грамадскімі актывістамі свае прапановы выказалі ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў, якія лічаць неабходным сабраць і надрукаваць успаміны аршанцаў пра Уладзіміра Караткевіча, стварыць музей у бацькоўскай хаце пісьменніка. Прыхільнікі ягонай творчасці гатовы і самі далучыцца да ўвасаблення гэтых прапановаў.  А таксама рыхтаваць святочныя імпрэзы ў памяць пра земляка. Так, 30-га лістапада ў Воршы адбудзецца фэст, падрыхтаваны літаратарамі і актывістамі Таварыства беларускай мовы. Ён стане “генеральнай рэпетыцыяй” перад вялікім фэстам, запланаваным на наступны год, да 90-х угодкаў  Уладзіміра Караткевіча.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя