200 гадоў таму нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля



29 верасня спаўняеццца 200 гадоў з дня нараджэння польскага і беларускага паэта, публіцыста, крытыка, перакладчыка і этнографа Уладзіслава Сыракомлі (1823-1862).

Прадстаўнік шляхецкага роду Кандратовічаў гербу «Сыракомля», назву якога потым узяў за псеўданім, нарадзіўся ў фальварку Смольгаў Бабруйскага павета Менскай губерні, у сям’і Аляксандра Каятана Кандратовіча i Вікторыі Златкоўскай, якія паходзілі з паланізаванай беларускай шляхты. Дзяцінства прайшло ў вандроўках па арандаваных бацькам фальварках Смолічы, Яськавічы, Кудзінавічы, Мархачоўшчына на Меншчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў дома.

У 1833 годзе пачаў вучобу ў Нясвіжскай дамініканскай школе. Калі праз тры гады яе зачынілі, перавёўся ў дамініканскую школу ў Наваградку, якую скончыў у 1837 годзе.

Дапамагаў бацькам па гаспадарцы i пачаў пісаць вершы. У 1840—1844 гадах працаваў у канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі. Тут ён атрымаў магчымасць знаёміцца з класічнай літаратурай, перыёдыкай, архівам Радзівілаў. Усё гэта дапамагло яму сфарміраваць сваё светаразуменне i стаўленне да гістарычных падзей i рэчаіснасці.

У 1844 годзе ажаніўся з 16-гадовай Паўлінай Мітрашэўскай, а пасля вяселля звольніўся ca службы i стаў арандаваць фальварак Залучча ў Наваградскім павеце (цяпер Стаўбцоўскі раён). Тут цалкам раскрыўся яго паэтычны талент.

У 1852 годзе ў Сыракомлі на працягу тыдня раптоўна памерлі тры малалетнія дачкі, i ён не меў «сілы праз свае горкія ўспаміны жыць далей у вёсцы, у мясціне, дзе калісьці жыццё працякала больш шчасліва». У верасні 1852 года пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. Друкаваўся ў газеце «Kurier Wileński», дзе таксама рэдагаваў аддзел віленскай хронікі. У красавіку 1853 года арандаваў фальварак Барэйкаўшчына, які знаходзіўся паміж Вільняй i Ашмянамі. Пражыў ён тут амаль 10 гадоў, але роднай гэта арандаваная сядзіба так i не стала:

Тут не мае ні дом, ні глеба,
Што родзіць хлеба небагата.
Мае тут толькі сонеч неба,
Якая ўзносіцца над хатай.

Паэт шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве i Польшчы. У гэты ж час адбыліся падзеі, якія прынеслі яму адначасова i радасць, i буйныя непрыемнасці, непаразуменне знаёмых i сяброў: ён закахаўся ў актрысу Гелену Маеўскую, якая пасля сустрэчы з ім пакінула свайго мужа, этнографа i гісторыка Адама Кіркора, i выехала за мяжу. Калі Маеўская выступала ў Познані, Сыракомля ездзіў на сустрэчу з ёй. Падчас спектакля актрыса, каб болей пабыць з каханым, наўмысна параніла сябе кінжалам. Весткі аб гэтым «грахоўным» каханні выклікалі ханжаскае незадавальненне шырокіх колаў грамадскасці. Каб апраўдацца, Сыракомля напісаў паэму «Стэла Фарнарына», у якой апавядалася пра каханне Рафаэля да дачкі лекара Стэлы, каханне, якое натхніла мастака на стварэнне «Сіксцінскай мадонны». Паэму сустрэлі варожа, шляхта забараняла сваім дочкам не толькі чытаць яе, але нават браць у рукі.

У Познань Уладзіслаў Сыракомля ездзіў не толькі з-за каханай. Ён наладжваў сувязі з патрыятычнымі коламі Прусіі i Аўстрыі, абмяркоўваў магчымасць сумесных дзеянняў. Пасля гэтых паездак за Сыракомлям быў устаноўлены сакрэтны нагляд. У красавіку 1861 года ён выступіў на патрыятычнай маніфестацыі ў Коўне з вершамі. Выехаў з чужым пашпартам у Варшаву, а на зваротным шляху быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме. Знаходзіўся пад арыштам каля месяца. Сябры хутка дамагліся вызвалення Сыракомлі, як хворага на сухоты. Вызвалены пад нагляд паліцыі.

У гэты час дом Сыракомлі часта наведвала пачынаючая паэтка Зоф’я Манькоўская, якая даводзілася яму пляменніцай яго швагра. У 1862 годзе паэт падараваў ёй аўтограф верша «Да панны Зоф’і Манькоўскай», чым благаславіў яе «спяваць пасля яго на сіратлівай Літве».

Сілы паэта былі падарваны. Памёр ён у час следства. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Цалкам паэтычны талент Уладзіслава Сыракомлі раскрыўся ў Залуччы. Дэбютаваў вершаванай гутаркай «Паштальён», напісанай паводле пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі») і надрукаванай у віленскім часопісе «Athenaeum» («Атэнэум», 1844, т. 6). Гутарка была перакладзена ў скарочаным варыянце і стала папулярнай рускай народнай песняй («Калі я на пошце служыў ямшчыком…»). У «Athenaeum» друкаваліся i іншыя яго вершы i празаічныя творы. Яны пачалі выдавацца i асобнымі зборнікамі, хадзілі ў рукапісах, завучваліся на памяць. Ужо ў падзагалоўку «Паштальёна» — «народная гутарка» — вызначыўся асноўны жанр яго паэтычных твораў, героем якіх звычайна быў беларускі селянін або шляхціц. Паэт падкрэсліваў адзінства сваёй творчасці з народам, яго інтарэсамі i спадзяваннямі. Ён пісаў, «Не я пяю, а люд божы…» У гэты час убачылі свет яго гутаркі «Хадыка», «Высакародны Ян Дэмбарог», шэраг вершаў. Паэт займаўся таксама i перакладамі з латыні, публіцыстыкай, пісаў «Гісторыю літаратуры ў Польшчы».

Творчасць Сыракомлі адметная палымяным патрыятызмам, глыбокім веданнем гісторыі Бацькаўшчыны, характару, звычаяў, асаблівасцей нацыянальнай псіхалогіі беларусаў. У сваіх творах ён апяваў хараство наднёманскіх краявідаў, падкрэсліваючы, што яны даражэйшыя за славутыя замежныя. Яго вабілі i гістарычныя падзеі, што сведчылі пра патрыятызм продкаў, пра ix імкненне да свабоды i шчасця, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля вызвалення Айчыны. Гэты матыў прагучаў у яго творах «Соф’я, княжна Слуцкая», «Марцін Студзенскі». Гораду Нясвіжу i яго былым уладарам паэт прысвяціў 6 санетаў, якія аб’яднаў у цыкле «Успаміны пра Нясвіж».

Выказваючы спачуванне i сімпатыю да беднага люду, прапаведуючы дабро i гуманізм, паэт параўноўваў сябе з вясковым лірнікам, які «ў дарагой старонцы будзе граць людзям». Ён лічыў неабходным дапамагчы народу ўсвядоміць, што ён сам гаспадар на сваёй зямлі. Адзін з яго герояў-сялян гаварыў: «Я край мой кармлю адвеку i маю права звацца чалавекам». Паводле Сыракомлі, вялікую ролю ў выхаванні самасвядомасці i годнасці нацыі павінна адыграць гістарычнае асветніцтва. Таму шэраг яго празаічных i навуковых твораў прысвечаны менавіта праблемам гісторыі, этнаграфіі i мовы беларусаў. Сярод ix «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Кароткае даследаванне мовы i характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі» (1856), «Менск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа для кнігі Балінскага «Старажытная Польшча», шматлікія артыкулы ў перыядычным друку.

3 друку выйшлі 6 тамоў яго перакладаў паэтаў-лаціністаў XVI—XVIII стагоддзяў, некалькі зборнікаў паэм-гутарак, «Гісторыя літаратуры ў Польшчы…» (т. 1—2, 1850—1852), паэма «Маргер» (1855). У тэатры была пастаўлена яго п’еса «Хатка ў лесе».

Перакладаў на польскую мову творы разнастайных рускіх, французскіх, украінскіх, нямецкіх і лацінскіх паэтаў. Пісаў паэт найчасцей на польскай мове. У большасці сваіх твораў адлюстроўваў жыццё ў Беларусі, яе гісторыю. Аўтар апрацовак беларускіх народных казак. З беларускамоўных твораў Сыракомлі захаваўся верш «Добрыя весці» (1848, 1861), прысвечаны рэвалюцыйным падзеям у Еўропе. Таксама паэту часта прыпісваецца напісаная па-беларуску лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць усюды», хаця газета «Kurjer Litewski», дзе верш упершыню з’явіўся пад іменем Сыракомлі, праз некалькі дзён надрукавала абвяржэнне, паводле якога аўтарам быў Чэслаў Янкоўскі.

Памяці Уладзіслава Сыракомлі прысвяцілі свае вершы Янка Лучына, Адам Плуг, Янка Купала і іншыя паэты. Яго вобраз выведзены ў аповесці Адама Мальдзіса «Восень пасярод вясны» (1984). У Барэйкаўшчыне створаны музей-бібліятэка Сыракомлі, яго імем названа вуліца ў Нясвіжы і Менску. У Варшаве у гонар паэта названыя адразу дзве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Уладзіслава Сыракомлі.

У Вільні на доме, у якім памёр паэт (вул. Барбары Радзівіл, 3), змешчана памятная шыльда.

Беларускае Радыё Рацыя