2021 год: Што адзначаць і прыгадваць, каго ўшаноўваць
На 2021 год прыпадае нямала юбілеяў і круглых датаў з часу нараджэння выдатных людзей Беларусі, а таксама з часу важных знакавых падзей нашай гісторыі. Прапануем вашай увазе сама юбілейныя ўгодкі, якія можа адзначаць, ушаноўваць ці прыгадваць беларуская грамадскасць сёлета.
7 студзеня
125 гадоў таму (1896). У в. Байлюкі (Глускі р-н) нарадзіўся Яўхім Кіпель, грамадска-палітычны дзеяч, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША).
17 студзеня
50 гадоў таму (1971). У Менску адчынены Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.
8 лютага
100 гадоў таму (1921). У в. Глінішча (Хойніцкі р-н) нарадзіўся Іван Мележ, беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч.
26 лютага
200 гадоў таму (1821). У мястэчку Вайшканы (Ковенская губ.) нарадзіўся Аляксандар Гінтаўт-Дзевалтоўскі, беларускі рэлігійны дзеяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху на Гарадзеншчыне.
2 сакавіка
125 гадоў таму (1896). У мястэчку Поразава (Свіслацкі р-н) нарадзіўся Станіслаў Глякоўскі, беларускі каталіцкі духоўнік, грамадска-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст.
4 сакавіка
65 гадоў таму (1956). Выйшаў першы нумар газеты “Ніва”, тыднёвіка беларусаў у Польшчы.
5 сакавіка
125 гадоў таму (1896). У в. Нізок (Уздзенскі р-н) нарадзіўся Кандрат Крапіва (сапр. прозвішча Атраховіч), беларускі драматург, паэт.
8 сакавіка
75 гадоў таму (1946). У Паставах створаная падпольная антысавецкая арганізацыя “За Беларусь”.
18 сакавіка
100 гадоў таму (1921). Паміж РСФСР і Польшчай падпісана Рыжская дамова, якая падзяліла Беларусь тэрытарыяльна.
19 сакавіка
100 гадоў таму (1921). У Менску нарадзіўся Язэп Юхо, беларускі юрыст, гісторык права, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.
24 сакавіка
125 гадоў таму (1896). У в. Агароднічкі (Беластоцкі пав.) нарадзілася Вера Маслоўская, беларуская грамадска-палітычная дзяячка, настаўніца.
4 красавіка
125 гадоў таму (1896). У в. Ячава (Слуцкі р-н) нарадзіўся Васіль Русак (згінуў у 1946 г. у савецкім канцлагеры), беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
9 красавіка
75 гадоў таму (1946). У Міхэльсдорфе (Нямеччына) па ініцыятыве Натальлі Арсеньневай і Юркі Віцьбіча закладзена Беларускае літаратурнае згуртаванне “Шыпшына”.
13 красавіка
150 гадоў таму (1871). У мяст. Лугіна (Марыямпальскі пав., Летува) нарадзіўся Юры Матулевіч, рымска-каталіцкі рэлігійны дзеяч Заходняй Беларусі і Летувы, блаславёны.
29 красавіка
100 гадоў таму (1921). У в. Малыя Навасёлкі (цяпер Дзяржынскі р-н) нарадзіўся Мікола Ермаловіч, беларускі гісторык, літаратуразнавец.
Травень
125 гадоў таму (1896). У Вільні нарадзіўся Ігнат Канчэўскі (псеўданім Ігнат Абдзіраловіч), беларускі паэт, філосаф, публіцыст.
15 траўня
50 гадоў таму (1971). У Лондане адчынены Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны.
14 чэрвеня
125 гадоў таму (1896). У в. Гайнін (Ляхавіцкі р-н) нарадзіўся Пётра Татарыновіч, беларускі святар, грамадска-культурны дзеяч, літаратар, выдавец, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, Італія, Ватыкан).
15 чэрвеня
125 гадоў таму (1896). У мястэчку Любча (Наваградскі р-н) нарадзіўся Павал Каравайчык, беларускі культурны дзеяч, пісьменнік.
22 чэрвеня
125 гадоў таму (1896). У фальварку Пестуны (Мёрскі раён) нарадзіўся Браніслаў Туронак, беларускі культурна-грамадскі дзеяч, публіцыст.
29 чэрвеня
125 гадоў таму (1896). У в. Залесьсе (Сакольшчына, Беласточчына) нарадзіўся Уладзіслаў Казлоўскі, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, публіцыст, выдавец.
3 ліпеня
125 гадоў таму (1896). У в. Пасынкі каля Бельску (Беласточчына) нарадзіўся Яраслаў Кастыцэвіч, беларускі педагог, грамадска-царкоўны дзеяч.
8 ліпеня
75 гадоў таму (1946). У Менску нарадзілася Элеанора Язерская, беларуская журналістка, тэле- і радыёвядоўца.
24 ліпеня
125 гадоў таму (1896). У мястэчку Нягневічы (Наваградскі р-н) нарадзіўся Аляксандар Орса, беларускі педагог, доктар прыродазнаўства, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША).
1 жніўня
100 гадоў таму (1921). У в. Пудзіна (Наваградскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Урбановіч, беларускі краязнавец, педагог, культуролаг.
12 жніўня
125 гадоў таму (1896). У в. Новы Двор (Сакольшчына) нарадзіўся Янка Чарапук, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, арганізатар беларускай эміграцыі ў Чыкага (ЗША).
30 жніўня
300 гадоў таму (1721). Падпісана Ніштацкая (цяпер горад Уусікаўпункі, Фінляндыя) мірная дамова, скончылася Паўночная вайна.
9 кастрычніка
400 гадоў таму (1621). Войска Рэчы Паспалітай у бітве пад Хоцінам перамагло асманскую імперыю Асмана ІІ.
30 кастрычніка
100 гадоў таму (1921). У Менску заснаваны Беларускі Дзяржаўны Універсітэт.
7 лістапада
125 гадоў таму (1896). У мястэчку Рудзенск (Пухавіцкі р-н) нарадзіўся Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча Кудзелька), беларускі паэт грамадска-культурны дзеяч.
10 лістапада
100 гадоў таму (1921). У Смаргоні нарадзіўся Віктар Роўда, беларускі харавы дырыжор, педагог.
23 лістапада
150 гадоў таму (1871). У мястэчку Раманава (Слуцкі р-н) нарадзіўся Уладзімір Тэраўскі, беларускі кампазітар, харавы дырыжор, фалькларыст.
7 снежня
100 гадоў таму (1921). У Заходняй Беларусі ў Радашковічах па ініцыятыве Браніслава Тарашкевіча было заснавана Таварыства беларускай школы (ТБШ, дзеіла да 1937 года).
15 снежня
100 гадоў таму (1921). У Капылі нарадзіўся Сцяпан Александровіч, беларускі літаратуразнавец, краязнавец.
28 снежня
100 гадоў таму (1921). З прыватных збораў Івана Луцкевіча ў Вільні створаны Беларускі музей.
Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя