21 кніга ў поўным спісе паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай



У поўны спіс сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі ўвайшла 21 кніга. Усе кнігі не падобныя адна на адну і прадстаўляюць розныя накірункі беларускай паэзіі, у тым ліку і дзіцячую.

У Прэміі ўдзельнічаюць на роўных умовах як прызнаныя майстры беларускага паэтычнага слова, так і дэбютанты/кі. Да ўдзелу ў конкурсе прымаліся паэтычныя кнігі на беларускай мове, выдадзеныя ў 2017 годзе.

Сёлета на прэміі Арсенневай прадстаўлены 8 беларускіх выдавецтваў і адна расейская анлайн-платформа  — Ridero. Выдавецтвы “Галіяфы” і “Кнігазбор” падалі па 6 кніг кожнае. Выдавецтвы “Каўчэг” і “Медысонт” — па дзве кнігі. Выдавецтвы “Янушкевіч”, “Логвінаў”, “Зміцер Колас” і выдавецтва Віктара Хурсіка прадстаўленыя на Прэміі адной кнігай кожнае.

 

Поўны спіс намінантаў на Прэмію Арсенневай 2018:

Алесь Ліпай. Абдымкі. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск.

Алесь Разанаў. Перавыбранае. Выдавецтва Змітра Коласа, Менск.

Антон Францішак Брыль. Цмачанка. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.

Анхела Эспіноса Руіс. Pomme de ciel. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск.

Вальжына Морт. Эпідэмія ружаў.  Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Валянціна Аксак. Завінены рай. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

Васіль Жуковіч. Замова ад рабства. Выдавецтва “Каўчэг”, Менск.

Вера Буланда. Лагода. Выдавецтва Віктара Хурсіка, Менск.

Вольга Гапеева. Граматыка снегу. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

Вольга Гапеева. Дзве Авечкі. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

Галіна  Варатынская. Не спужайце снегіра. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск.

Дар’я Дарошка, Уладзімір Чараухін. Альтанка. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск.

Іна Снарская. Вогнепаклонніца. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск.

Ігар Кулікоў. Валадар загадак. Выдавецтва “Медысонт”, Менск.

Міхаіл Рубін. Пераклад з Іншага. “Издательские решения” па ліцэнзіі Ridero.

Плат Гудовіч. Размова нанова. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

Уладзімір Мірончык. Беларусам. Выдавецтва “Каўчэг”, Менск.

Уладзімір Рунцэвіч. Пасля сябе пакіну дабрыню. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск.

Усевалад Сцебурака. Сны дарог. Выдавецтва “Медысонт”, Менск.

Яніна Пінчук. Фарбы душы. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

Янка Каліноўскі. Падслуханае сьценамі шматпавярховак. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск.

У журы прэміі Наталлі Арсенневай сёлета ўвайшлі: паэт і літаратуразнаўца Анатоль Івашчанка, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменніца і перакладчыца Вольга Іпатава, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў і паэтка Наста Кудасава. Сябры журы не галасуюць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове. Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 г. і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Сёлета прэмія адбудзецца ўжо другі раз. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”.

lit-bel.org