21 сакавіка — Сусветны дзень паэзіі
Сусветны дзень паэзіі штогод адзначаецца 21 сакавіка. Дваццаць гадоў таму ў гэты дзень на 30-й сесіі ЮНЕСКА было прынятае рашэнне пра яго святкаванне. З таго часу 21 сакавіка па ўсім свеце праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя паэтам і іх творчасці. Асноўная мэта свята – падтрымка моўнай разнастайнасці праз магчымасці паэтычнага слова.
Гэты дзень мусіць садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, аднаўленню дыялогу паэзіі з іншымі відамі мастацтва.
Паводле паэткі і пісьменніцы з Глыбоччыны Зоі Наваенкі, людзі павінны памятаць пра сваіх землякоў і іх творчасць.
– Калі ёсць такая часінка, то трэба збірацца разам, успамінаць, спяваць, чытаць вершы і думаць, што мы – багатая беларуская нацыя.
У Сусветны дзень паэзіі надаецца ўвага і выдавецкаму бізнесу, стварэнню прывабнага вобразу паэзіі ў СМІ, каб паэзія не лічылася неактуальнай.
У гэты дзень ЮНЕСКА заклікае сваіх чальцоў далучыцца да святкавання Сусветнага дня паэзіі як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўні. Арганізацыя раіць задзейнічаць у мерапрыемствах няўрадавыя арганізацыі, муніцыпальныя і прыватныя установы — музеі, паэтычныя суполкі, культурніцкія асацыяцыі да іншых.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя