22-23 красавіка ў Менску пройдуць 17-я Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні
22–23 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудуцца XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні – найбуйнейшая рэгіянальная канферэнцыя ў галіне кніжнай культуры. За дзесяцігоддзі правядзення навуковы форум стаў сапраўдным брэндам, пазнавальным сярод даследчыкаў і спецыялістаў розных краін. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара НББ Алесь Суша.
Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні з’яўляюцца адной з галоўных пляцовак краіны для абмеркавання вынікаў навуковых даследаванняў па пытаннях кніжнай культуры і кніжнай спадчыны. Канферэнцыя дасягнула сапраўды высокага ўзроўню, набыла вялікую папулярнасць і збірае даследчыкаў кнігі з розных краін свету.
Кола пытанняў, запланаваных для абмеркавання на сёлетняй канферэнцыі, ахоплівае ўсе важныя аспекты развіцця беларускай кніжнай культуры ад старадаўніх рукапісаў да выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій на ўсіх этапах існавання кнігі. Даследчыкі абмяркуюць пытанні ад асаблівасцей мастацкай атмасферы Бібліі Францыска Скарыны да мастацтва беларускай сучаснай дзіцячай кнігі.
У праграме – больш 80 дакладаў ад навукоўцаў з 7 краін. Штогод падчас канферэнцыі адбываюцца сустрэчы даследчыкаў, навуковыя дыскусіі і абмеркаванні, выставы і прэзентацыі. Канферэнцыя адбудзецца ў жывым фармаце, а таксама прадугледжвае анлайн-трансляцыю і дыстанцыйнае далучэнне аддаленых удзельнікаў.
Арганізатары канферэнцыі – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства і пленарнае пасяджэнне: 22 красавіка ў 10:00 у зале 307 (3-ці паверх).