225 гадоў з дня нараджэння Яна Чачота



Паэт-рамантык, філамат, фалькларыст, этнограф, драматург, мовазнавец, грамадскі дзеяч Ян Чачот нарадзіўся 7 ліпеня 1796 года ў вёсцы Малюшычы (Карэліцкі раён).

З Малюшычаў сям’я Чачотаў неўзабаве перабралася пад Баранавічы, дзе бацька пачаў служыць аканомам у маёнтку Рэпіхава Навамышскай парафіі. Тут, на берагах ракі Мышанкі, і прамільгнуў ранак жыцця паэта.

Памятны знак у Рэпіхаве

Адсюль Ян з Мышы, як назавуць яго потым сябры, падаўся на вучобу ў павятовы горад Наваградак у дамініканскую школу, дзе вучыўся разам з Адамам Міцкевічам, які стаў яго сама блізкім сябрам. Пасля заканчэння школы, паехаў шукаць хлеб у Вільню, дзе праз год змог ажыццявіць сваю маару стаць студэнтам юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Ва ўніверсітэце, Адам Міцкевіч увёў свайго сябра ў Таварыства філаматаў. Пасля ўтварэння Таварыства філаматаў, Яна Чачота абралі кіраўніком найбольш важнага яго аддзела – літаратурнага, які называўся Блакітны саюз.

Пасля разгрому віленскіх згуртаванняў моладзі, Ян Чачот разам з Тамашам Занам і Адамам Сузіным быў высланы на Урал. Спачатку ён адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, адкуль яго перавялі ва Уфу, а потым – у Цвер.

У 1833 годзе Яну Чачоту дазволілі вярнуцца пад наглядам паліцыі на радзіму, у мястэчка Лепель, дзе ён уладкаваўся на службу ў дырэкцыі Бярэзінскага воднага канала. А праз шэсць гадоў Яна Чачота адпускаюць дамоў, на Наваградчыну, і здымаюць з яго паліцэйскі нагляд. Змучанага за гады зняволення, Яна Чачота ўзяў на пасаду бібліятэкара былы шчыры апякун філаматаў ліберальны граф Адам Храптовіч, які валодаў у Шчорсах адной з багацейшых у Еўропе бібліятэк. Пасля смерці гаспадара Шчорсаў, Ян Чачот жыў у сваіх сяброў на Наваградчыне, займаўся выданнем у Вільні сабраных ім томікаў беларускага фальклору. Пасля Наваградчыны цяжкая хвароба прывяла яго ў Друскенікі. 

Помнік Чачоту ў Новай Мышы

Першыя вядомыя літаратурныя творы Яна Чачота з’явіліся недзе каля 1818 года і тэматычна яны былі звязаны з жыццём філаматаў. Але сама вялікі поспех у моладзі, якая паходзіла з беларускай шляхты, мелі якраз тыя філамацкія творы Яна Чачота, якія былі напісаны па-беларуску. Сам факт звароту да мовы запрыгоненага, бяспраўнага мужыка-беларуса казаў пра многае, і перш за ўсё пра шчыры дэмакратызм і ліцвінскі патрыятызм паэта.

Помнік Чачоту ў Карэлічах

У нашым літаратуразнаўстве па-належнаму не ацанілі яшчэ і балады Яна Чачота, напісаныя ў 1818-1819 гадах на польскай мове. У іх ярка выявіўся паэтычны талент паэта. Шмат зрабіў Ян Чачот і ў беларускай навуковай фалькларыстыцы. Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста. Ян Чачот цягам 1837-1846 гадоў змог сабраць і выдаць у шасці зборніках беларускія народныя песні “з-пад Нёмана і Дзвіны”, а таксама творы іншых жанраў фальклору. Спачатку ён даваў іх у перакладзе на польскую мову, а потым публікаваў у арыгінале, на беларускай мове. Гэтымі зборнікамі ён паказваў свету, якія вялікія скарбы мае беларускі народ.

Памёр Ян Чачот 23 жніўня ў Друскеніках. Пахаваны ў Ротніцы непадалёк касцёла, на магіле помнік. У гонар Яна Чачота ў менскім мікрараёне Брылевічы названая вуліца. У 1996 годзе ў Новай Мышы (Баранавіцкі раён) з ініцыятывы краязнаўца Міхася Берната ўсталяваны бюст паэта. Таксама ў гонар паэта ўсталяваны помнік у Карэлічах і памятная шыльда ва ўрочышчы Рэпіхава Ляхавіцкага раёна.

Магіла Чачота ў Ротніцы

Канверт з маркай у гонар паэта

Беларускае Радыё Рацыя