23 траўня 1924 у баі загінуў атаман Юрка Моніч



23 траўня 1924 у баі з бальшавікамі загінуў Юрка Моніч – паўстанец, адзін з правадыроў збройнай барацьбы за незалежнасць Беларусі ў 1919-1924 гг.

Юрка Моніч у цэнтры

Юрка Моніч нарадзіўся ў 1890 годзе ў сялянскай сям’і. Адвучыўся на настаўніка, настаўнічаў. Удзельнічаў у Першай Сусветнай вайне, за асабістую мужнасць атрымаў Георгіеўскі крыж. Дэмабілізаваны ў рангу падпаручніка.

Кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 году, быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР.

У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Сяменіка, служыў у яго аддзеле. Пасля смерці Л. Сяменіка аддзел пад камандаваннем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна. Апераваў пад выглядам атраду аршанскай міліцыі ў раёне Барысаўскага, Лепельскага і Аршанскага паветаў. Займаўся вяртаннем сялянам забранага падчас харчразвёрсткі харчу, здзяйсняў напады на чыгуначныя станцыі, цягнікі, заводы, валвыканкамы, забойствы камуністаў і савецкіх працаўнікоў. Атрад сыходзіў ад пераследаў без стратаў, на зімоўку пераходзячы ў Польшчу.

10 кастрычніка 1923 году атрад монічаўцаў прыкладна за 2 кіламетры ад станцыі Слаўнае (на перагоне Крупкі — Бобр) спыніў цягнік „Берлін — Масква”, у якім ехалі ангельскія, францускія ды італьянскія дыпламаты, а таксама савецкія чыноўнікі. Замежнікі былі абрабаваныя, а камуністам на загад Моніча далі ў прысутнасці дыпламатаў па сорак шомпалаў. Сваю частку здабычы Моніч аддаў на карысць „Зялёнага дубу”.

Гісторыя з рабаваннем міжнароднага цягніка выклікала гістэрыку ў Маскве, адкуль быў кінуты спецаддзел ГПУ для знішчэння Моніча і ягоных паплечнікаў. Да канца году большасць паплечнікаў Моніча была арыштаваная, агулам да крымінальнай адказнасці прыцягнута 75 чалавек, 22 з якіх у лютым 1924 былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакарання. Сярод іх была і грамадзянская жонка Моніча Соф’я Рыбак (сапр. Хяўроння Наўроцкая).

23 траўня 1924 году Моніч загінуў падчас бою з бальшавіцкімі карніцкімі атрадамі. Ягонае знявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках, каб застрашыць магчымых прыхільнікаў і паслядоўнікаў. Пазней яго перавезлі ў Барысаў для апазнання ягоным таварышам па барацьбе, што ўтрымліваліся ў Доме папярэдняга расследавання.

Месца пахавання невядомае. Паводле адной з версій, мог быць пахаваны на Барысаўскіх батарэях разам з іншымі расстралянымі сябрамі свайго атраду.

Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале з Лукашам Сяменікам (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За атаманам – Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.

radabnr.org