24 чэрвеня – угодкі з дня нараджэння Івана Краскоўскага



Беларускі палітычны, грамадска-культурны дзеяч, педагог Іван Краскоўскі нарадзіўся 24 чэрвеня 1880 года ў мясцовасці Дубічы Царкоўныя на Падляшшы.

Іван Краскоўскі скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. Працаваў у Кіеве ў Зямельным саюзе. Быў сябрам БСГ, пазней БСДП. У верасні 1917 на з’ездзе народаў у Кіеве прадстаўляў беларускія нацыянальныя арганізацыі. Арыштаваны бальшавікамі 18 снежня 1917 года. У 1918 годзе ўваходзіў у склад урада Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР); быў паслом УНР у Грузіі. У 1920 годзе – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. З 1922 года – дырэктар Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі.

З лета 1925 года Краскоўскі жыў у Менску, працаваў у БДУ, Інбелкульце (потым Беларуская Акадэмія Навук). Быў старшынём сацыяльна-культурнай секцыі і сябрам прэзідыума Дзяржплана БССР. У перыёдыцы быў змешчаны анонс яго кнігі «Гісторыя Беларусі».

Арыштаваны Іван Краскоўскі быў ОГПУ СССР 8.7.1930 па справе „Саюза вызвалення Беларусі”. Этапаваны для следства ў Менск. Пастановай Калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Самару. Зноў арыштаваны НКВД 4.11.1937. Рашэннем ад 4.3.1940 тэрмін папярэдняга зняволення залічаны ў тэрмін адбывання пакарання; вызвалены 19.3.1940. Пасля вайны выехаў у Чэхаславакію да дачкі, якая працавала ў музеі ў Браціславе. Па першым прысудзе рэабілітаваны 22.5.1962, па другім прысудзе рэабілітаваны Куйбышаўскім абласным судом 10.6.1988.

Памёр Іван Краскоўскі 23 жніўня 1955 года ў Браціславе. Пахаваны на браціслаўскіх могілках Славічча удалле.

Прафесар Беластоцкага ўніверсітэта, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак так характарызуе асобу Івана Краскоўскага:

„Сама важнае, што Іван Краскоўскі, акрамя розных іншых заняткаў і дасягненняў, быў першым паслом незалежнай Украіны ў Грузіі яшчэ ў 1919 годзе. Жыццё Краскоўскага было складанае, і ён працаваў і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Літве, а таксама Латвіі, Грузіі і Расеі. Асоба Івана Краскоўскага аб’ядноўвае беларускі і ўкраінскі народы. Трэба падкрэсліць, што ён быў украінскім паслом і думаў катэгорымі дабра для Украіны, але ж таксама і для нас, бо быў беларусам. І калі мог, стараўся дапамагчы Беларусі”.

Беларускае Радыё Рацыя