Названыя лаўрэаты літаратурнай прэміі “Дэбют”



Зборнік вершаў «Сірэны спяваюць джаз» Таццяны Нядбай ды кніга прозы «Мой цвік» Аляксея Палачанскага сталі найлепшымі літаратурнымі дэбютамі мінулага года. На прэмію імя Максіма Багдановіча, арганізаваную ПЭН-цэнтрам, могуць прэтэндаваць аўтары да 35 гадоў. Сёлетняя лаўрэатка паэтычнага «Дэбюту» Таццяна Нядбай, вядомая таксама як перакладчыца, рашэнню журы здзівілася:

 Увесь спектар адчуванняў мне вельмі складана перадаць, бо я вельмі здзіўленая рашэннем журы. Хоць я і вельмі ўдзячная, і гэта страшна прыемная рэч. У літаратуры, калі браць толькі літаратуру, то вершы – гэта мая сутнасць. Чаму здзіўленая рашэннем журы? Бо вельмі сур’ёзная канкурэнцыя, класныя аўтары. І мне нават трошкі няёмка, што я зараз заняла гэтае месца, якое, па сутнасці, павінны былі заняць прынамсі ўсе.

У шорт-ліст прэміі трапілі таксама кнігі «Рома едзе» Ромы Свечнікава ды «Шэптам» Віталя Воранава, а таксама паэтычныя зборнікі «Кніга памылак» Юліі Цімафеевай ды «Верхні горад» Антона Рудака. У намінацыі “Пераклад” узнагарода імя Максіма Багдановіча сёлета не прысуджалася. Хоць, як адзначыў адзін з сябраў журы Уладзімір Алоў, яе лаўрэатам у гэтым годзе стаў сам Максім Багдановіч, які ў свой час пазнаёміў беларускага чытача з выдатнай еўрапейскай паэзіяй.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У сталічным музеі Максіма Багдановіча адбылося ўрачыстае ўшанаванне лаўрэатаў прэміі „Дэбют”. У намінацыі „проза” прэмія дасталася маладому празаіку Аляксею Палачанскаму за кнігу «Мой цьвік», выдадзеную ў «Галіяфах». Сярод леташніх паэтычных дэбютаў лепшай кнігай быў названы зборнік Таццяны Нядбай «Сірэны сьпяваюць джаз».

* * *

24 сакавіка ў Менску ў музеі Максіма Багдановіча адбудзецца ўручэнне літаратурнай прэміі “Дэбют”. Як паведаміў нашаму радыё сябра журы прэміі Уладзімір Арлоў, імя лаўрэатаў яшчэ невядома. На сваё апошняе паседжанне журы прэміі збярэцца 23 сакавіка.

– Хачу яшчэ падкрэсліць, што цяпер не разглядаюцца сябрамі журы часопісныя публікацыі. Нават калі гэта значная публікацыя. Мы вырашылі, што гэта будуць толькі кнігі. 23 сакавіка журы збярэцца на сваё апошняе паседжанне, а 24 – у музеі Максіма Багдановіча адбудзецца ганараванне пераможцаў.

У шорт-ліст прэміі трапілі першыя празаічныя кнігі Віталя Воранава, Аляксея Палачанскага, Ромы Свечнікава і паэтычныя кнігі Таццяны Нядбай, Антона Рудака і Юліі Цімафеевай.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота