Беларуса Дзяніса Кудраўцава абралі для праекта OneBeat
Беларуса Дзяніса Кудраўцава адабралі з трох тысячаў музыкаў з усяго свету для ўдзелу ў праекце OneBeat. Праект ладзіцца пяты год пры падтрымцы Бюро па справах адукацыі і культуры Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Арганізатары кажуць, што грамадзянін Беларусі ўдзельнічае ўпершыню. Разам з Дзянісам Кудраўцавым удзел у праекце бяруць 25 чалавек.
Ужо заўтра, 8 верасня, Дзяніс ляціць у Амэрыку, каб два тыдні пісаць сумесную музыку, а потым яшчэ два тыдні гастраляваць. Тур інтэрнацыянальнага калектыву пройдзе ад Новага Арлеану да Чыкага.
Дзяніс Кудраўцаў – мультыінструменталіст, аўтар песень, задзейнічаны ў шэрагу андэрграўндных гуртоў, жыве ў вёсцы Сінія горы пад Менскам.
Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
