25 гадоў таму памёр Эрнст Ляўкоў
Беларускі геолаг, краязнавец Эрнст Ляўкоў
Ляўкоў даследаваў у Беларусі рэгіянальную геалогію, рэльеф і карысныя выкапні. Звярнуў увагу на важную ролю тапанімікі пры рэканструкцыі гістарычнага мінулага. Даследаваў геалагічную будову і фармаванне плошчы пашырэння дагістарычных крэменездабыўных шахт і майстэрань па апрацоўцы крэмню ў Ваўкавыскім і Мастоўскім раёнах. Першыя 20 гадоў навуковай працы былі прысвечаны пераважна вывучэнню заканамернасцяў фармавання карысных выкапняў, звязаных з адкладамі кайназою (пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны, карбанатная і фарбавая сыравіна, буры вугаль і інш.), і складанню прагнозаў для іх пошукаў. Матэрыялы для манаграфіі “Пески Белоруссии и их промышленное использование” (Мінск, 1961), напісанай у суаўтарстве, сталі асновай кандыдацкай дысертацыі, якую ён абараніў у 1965 годзе. Пад яго кіраўніцтвам складзены літолага-палеагеаграфічныя і іншыя карты па палеагене, неагене і антрапагене, многія з якіх пазней увайшлі ў Нацыянальны атлас Беларусі (2002). З удзелам Ляўкова былі ўпершыню распрацаваны неатэктанічная карта і карта неатэктанічнага раянавання Беларусі маштабу 1:500000.
Ляўкоў выканаў фундаментальныя даследаванні па літалогіі, стратыграфіі, неагеадынаміцы кайназою, распрацаваў новы фундаментальны кірунак у чацвярцічнай геалогіі – гляцыятэктоніку. У манаграфіі “Гляциотектоника” (Мінск, 1980) на багатым фактычным матэрыяле, сабраным у экспедыцыях па Беларусі, апісаў працэсы, звязаныя з уздзеяннем ледавікоў на горныя пароды, на фармаванне радовішчаў карысных выкапняў, даследаваў механізм узнікнення ледавіковых дыслакацый і іх пашырэння па тэрыторыі і ў тоўшчы кайназойскіх адкладаў, паказаў сувязь такіх форм з геалагічнай будовай розных рэгіёнаў. У 1981 г. па гэтай манаграфіі абараніў у Маскве доктарскую дысертацыю.
Вучонага таксама цікавілі пытанні сейсмабяспекі тэрыторыі Беларусі, аховы прыроды, гісторыі геалагічнай навукі, геалагічнай адукацыі. Ідэі Ляўкова ў галіне нэатэктонікі ляглі ў аснову міжнароднага праекта “Неагеадынаміка Балтыі”, які быў прыняты да распрацоўкі пры падтрымцы ЮНЕСКА.
Эрнст Ляўкоў вывучаў культавыя камяні, рэлікты паганства ў сучасных пакланеннях і ахвяраваннях каменю. Па выніках шматгадовага вывучэння культавых валуноў Беларусі напісаў унікальную кнігу “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны” (Мінск, 1992). Удзельнічаў у стварэнні Парку валуноў каля Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі, распрацаваў лекцыі для экскурсій па гэтым помніку прыроды, сам іх праводзіў для школьнікаў і студэнтаў.
Памёр Эрнст Ляўкоў 13 верасня 1996 года. Пахаваны ў Менску на Чыжоўскіх могілках.
Беларускае Радыё Рацыя