25 гадоў таму выйшла кніга пра шостага прэзідэнта БНР



У Таронта (Канада) 25 гадоў таму з друку выйшла кніга “Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча” Раісы Жук-Грышкевіч. Гэту кнігу аўтарка прысвяціла свайму мужы – шчыраму беларусу, які да апошніх хвілін жыцця моцна і шчыра любіў Бацькаўшчыну – родную Беларусь, які ў 1971-1982 гадах быў старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі.

Вінцэнт і Раіса Жук-Грышкевічы

На 800 старонках кнігі Раіса Жук-Грышкевіч (1919-2009) грунтоўна расказала пра жыццё і дзейнайсць шостага прэзідэнта БНР Вінцэнта Жук-Грышкевіча (1903-1989). Сама аўтарка ва ўводзінах да кнігі адзначыла, што “мэта гэтае працы – аддаць пашану памяці Вінцэнта Жук-Грышкевіча, паказаць яго жыццё так, каб факты гаварылі самі за сябе”. 

Мікола Абрамчык і Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Мюнхен, 1955 г.

Кніга напісана ў храналагічным парадку, яна дапоўнена рознымі дакументамі, фотаздымкамі, пісьмамі, выступленнямі. Аўтарка выдатна апісала не толькі жыццё і справы свайго мужа, сябра, грамадскага актывіста, але і стварыла працу, якая “кідае святло на эпоху – амаль на цэлае ХХ стагоддзе, на жыццё і дзейнасць беларускай эміграцыі, яе суадносіны з беларускім народам на Бацькаўшчыне, на беларускі вызвольны рух”.

Наталля Арсеннева і Вінцэнт Жук-Грышкевіч, 1973 г.

Няма ўжо і аўтаркі кнігі на гэтым свеце, але засталася цудоўная кніга – гістарычны дакумент пра той час, пра беларусаў, якія заўсёды марылі пра вольную і незалежную Беларусь. Ды і сам Вінцэнт Жук-Грышкевіч некалі заклікаў усіх пісаць “пра прошласць – дзеля будучыні”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з кнігі Раісы Жук-Грышкевіч