25-годдзе “Нашага слова” ў Лідзе



На аграсядзібе “Гасьціна” ў Віталя Карабача ў Песках Лідскага раёна прайшоў яшчэ адзін Багач – сціплае падвядзенне вынікаў дзейнасці грамадзянскай супольнасці Лідчыны ў 2022 годзе.

Сёлета гэтая імпрэза супала з 25-годдзем пачатку выдання газеты “Наша слова” ў Лідзе, таму ў зале прысутнічалі многія актывісты, валанцёры і ветэраны гэтага 25-гадовага чыну. Сярод іх той жа Станіслаў Карабан, які гадоў 15 штотыдзень насіў 10 асобнікаў “Нашага слова” ў гарадскую лазню, ды іншыя. А да ведама шырокіх масаў – першы лідскі нумар “Нашага слова” быў падрыхтаваны ў канцы кастрычніка 1997 года, выйшаў за 1 лістапада і быў прэзентаваны ў Свіслачы на свяце ў гонар паўстанцаў 1863 года на Дзяды 1997 года.

Канва вечарыны ткалася як справаздача рэдактара “Нашага слова” Станіслава Судніка пра сітуацыю ў грамадскім жыцці Лідчыны ў 2022 годзе і выбарачна ў мінулыя гады. Справаздача разбаўлялася песнямі ў выкананні барда і валанцёра “Нашага слова” Сержука Чарняка на словы рэдактара і паэта Станіслава Судніка.

Было падрыхтавана 10 песень, прагучала восем, бо песні – песнямі, а і сяброўскае застолле было ў праграме. Смачная юшка і дранікі дужа спадабаліся ўсім прысутным.

Гаспадар сядзібы Віталь Карабач, які ў свой час нямала папрацаваў і валанцёрам па распаўсюджанні “Нашага слова” на Лідчыне, добра пастараўся пры арганізацыі вечарыны. На вечарыне не было юбілейных медалёў, ганаровых грамат і прэмій, але была цёплая сяброўская атмасфера і вера ў светлую будучыню краіны і нацыі.

Беларускае Радыё Рацыя