З нагоды 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Эстоніяй



Выстава арганізавана талінскай Sed Arte Gallery пры падтрымцы пасольстваў Эстоніі і Беларусі і прысвечана 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. У ёй бяруць удзел 23 эстонскіх і 13 беларускіх мастакоў. Выстава, якая атрымала назву «Увесь свет – тэатр», працуе ў менскай мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

Удзельнікі экспазіцыі – яркія індывідуальнасці, кожны з якіх працуе ў сваім стылі і накірунку. Асноўная ідэя выставы: увесь свет – тэатр, а мастацтва не мае межаў і аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцяў.

Галерэя Sed Arte ужо на працягу 21 года прапагандуе высокае мастацтва як у Эстоніі, так і ў многіх краінах свету і супрацоўнічае з вядомымі музеямі і галерэямі, пасольствамі, акрэдытаванымі ў Эстоніі, сярод якіх і дыппрадстаўніцтва Беларусі. За гэтыя гады галерэя прадставіла ў Эстоніі творчасць 35 мастакоў беларускай школы жывапісу. У красавіку 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Эстоніяй было адзначана выставай беларускіх жывапісцаў у Таліне. 

Выстава ў галерэі Міхаіла Савіцкага будзе доўжыцца да 12 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік