Купалле ў Вайцюшках



Святкаванне традыцыйнага беларускага свята Купалле прайшло на хутары Вайцюшкі, што на Наваградчыне. Гаспадар хутара – музыка Зміцер Вайцюшкевіч – традыцыйна запрасіў да сябе на хутар на беразе Нёмана ўсіх жадаючых супольна адзначыць адно з самых аўтэнтычных беларускіх святаў. Атмасферу абраду Купалля стварылі ўдзельнікі гурта “Гуда”, якія традыцыйна ўжо наведаліся ў Вайцюшкі.

Як зазначылі самі госці святкавання, тое Купалле, якое адбываецца штогод у Вайцюшках, вельмі адрозніваецца ад распаўсюджанага зараз, так званага, гарадскога святкавання.

– Цікава бачыць столькі людзей у нашай традыцыйнай беларускай вопратцы. Гэта не тое Купалле, якое калісьці ладзілася ў беларускіх калгасах і вёсках з гарэлкай. Тут адчуваеш дух беларускасці той Беларусі, якую мы ўжо амаль страцілі. Дзякуючы гаспадару і гурту “Гуда” адчуваеш сапраўдны подых беларускасці.

Аўтэнтыныя спевы, шэсце з паходнямі па беразе Нёмана, пляценне і пусканне вянкоў па вадзе, гульбішча, карагоды вакол купальскага вогнішча і скокі праз яго, танцы да раніцы пад дуду і скрыпку, сустрэча сонца і, канешне ж, пошукі чароўнай папараць-кветкі – усё гэта было на Купаллі ў Вайцюшках.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Вайцюшкі

Фота аўтара