255 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага
Магнат, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, знакаміты кампазітар, удзельнік паўстання 1794 года, аўтар славутага паланэзу “Развітанне з радзімай” Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 7 кастрычніка 1765 года ў Гузаве пад Варшавай.
Паходзіў са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх, сын Андрэя і Паўлы з Шэмбэкаў. Ад бацькі ўспадкаваў тытул графа. Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасці да музыкі і замежных моваў. Уплыў і ўражанні ад музыкі атрымаў пасля наведвання Слоніма, дзе яго сваяк Міхал Казімір Агінскі трымаў тэатр еўрапейскага роўню.
Помнік Агінскаму ў Маладэчне
У 1786-ым Агінскі абраны паслом сойму Рэчы Паспалітай, быў камісарам Скарбовай камісіі ВКЛ, потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага, быў амбасадарам у Галяндыі, выконваў дыпламатычную місію ў Лондане. Была ў біяграфіі і старонка сораму, калі Агінскі ў 1791-ым дзеля захавання маёнткаў ва ўсходняй частцы Беларусі прысягнуў расейскай імператрыцы Кацярыне ІІ. У 28-гадовым веку ў 1793-ім годзе займаў пасаду падскарбія вялікага княства літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм. У час паўстання 1794 года Агінскі далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстання 188 тысяч злотых, кіраваў 480 стральцамі. У чэрвені 1794-га двойчы з аддзелам стралкоў і 200 коннікамі спрабаваў прабіцца ў тагачаснае Менскае ваяводства, каб узняць і там паўстанне. У жніўні зрабіў рэйд да Дынабургу (Дзвінску), змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля захопу расейцамі Вільні праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у касьцюшкоўскім паўстанні маскоўскія ўлады канфіскавалі яго маёнткі.
Жыў у Вене, Венецыі, Стамбуле, Парыжы. У сталіцы Францыі кантактаваў з Шарлем Марысам дэ Талейранам і Дырэкторыяй з мэтай аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай. Калі ў Расейскай імперыі змянілася ўлада, атрымаў магчымасць вярнуцца на радзіму. Пасля прысягі новаму імператару Аляксандру І, як і іншыя выгнаннікі атрымаў назад свае маёнткі. Пасяліўся на стала ў родавым маёнтку Залесьсе, што непадалёк Смаргоні. Жыў у Залесьсі ў 1802-06 гадах, ажаніўся, збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэі, звярынец. Сабраў багатую бібліятэку.
Сядзіба ў Залесьсі
У 1819 годзе Агінскі атрымаў пасаду сенатара і чын тайнага саветніка, а таксама шэраг узнагародаў. Неаднаразова сустракаўся з імператарам Аляксандрам, распрацаваў і падаў яму план аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расейскай імперыі, аднак маскоўскі цар адхіліў гэты праект.
У чэрвені 1812 года, калі пачалася вайна, Міхал Клеафас з’ехаў на ўсход разам з расейскім войскам, жыў у Пецярбургу. Пасля вайны з Напалеонам вярнуўся ў Залесьсе, дзе заставаўся да 1822 года, патроху адыходзіў ад палітычных спраў. Знакаміты твор Агінскага – паланэз “Развітанне з радзімай” напісаны менавіта ў Беларусі ў Залесьсі. У 1923 годзе выехаў разам з сям’ёй у Італію, жыў у Фларэнцыі, пісаў музыку і літаратурныя творы. Стаўся вядомым як аўтар папулярных паланэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, меладычнасцю, звязаны з народна-песеннымі традыцыямі. Пісаў таксама маршы (у тым ліку “Марш паўстанцаў 1794”), вальсы, мазуркі, менуэты, рамансы. Аўтар оперы “Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры”.
Памёр Міхал Клеафас Агінскі 15 кастрычніка 1833 года ў Фларэнцыі. Быў пахаваны на кляштарных могілках Фларэнцыі пры касцёле Санта Марыя Навэля, пазней перапахаваны ў пантэоне Санта Крочэ.
Шыльда ў Фларэнцыі
У Маладэчне пастаўлены помнік, мясцовы каледж мае яго імя. Імем кампазітара названыя вуліцы ў Гародні і Ждановічах. Выпушчаны канверт, марка, памятная манета, а ў 2015 годзе адчыніў дзверы адноўлены палац-музей у Залесьсі. У 2015 годзе ў Менску на пляцы Свабоды ўсталявана “Лава Агінскага”. У Фларэнцыі ў 1996 годзе на доме, дзе ён жыў, усталявана памятная шыльда (скульптар Валер’ян Янушкевіч).
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя